BE RU EN

ISW: Пуцін сутыкнецца з вялікімі праблемамі

  • 17.10.2024, 9:23

Яны падарвуць стратэгічныя намаганні агрэсара.

Бягучая "тэорыя перамогі" расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ва Украіне накіраваная на зацягванне баявых дзеянняў. Ён мяркуе, што яго акупацыйныя войскі могуць перажыць заходнюю падтрымку УСУ і зламаць іх супраціў, перамогшы ў вайне на знясіленне.

На гэта ўказалі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (Institute for the Study of War, ISW). На іх думку, Расея сутыкнецца з сур'ёзнымі сярэднетэрміновымі і доўгатэрміновымі абмежаваннямі, якія падарвуць гэтыя стратэгічныя намаганні агрэсара.

Адзначаецца, што Крэмль абавязаў сваё войска правесці гадавыя наступальныя намаганні ўздоўж лініі фронту на ўсходзе і паўночным усходзе Украіны. Яны накіраваны на знясіленне Сіл абароны і прадухіленне назапашвання Кіевам неабходнай жывой сілы і матэрыяльных сродкаў для правядзення контрнаступальных аперацый, якія супярэчаць агульнафрантавой ініцыятыве РФ.

«Пуцін і расейскае ваеннае камандаванне, магчыма, разглядаюць захаванне агульнафрантавой ініцыятывы як стратэгічны прыярытэт. Яны паказалі сябе цярплівымі да зацяжных наступальных аперацый, якія прыводзяць да паступовага, павольнага прасоўвання наперад, далёкаму ад іх меркаваных аператыўных мэт», – ацанілі ў ISW намеры агрэсара.

Там патлумачылі, што цяпер расейскія вайскоўцы спрабуюць ліквідаваць выклік сваёй ініцыятыве на тэатры ваенных дзеянняў у Курскай вобласці РФ пасля ўкраінскага наступу ў пачатку жніўня 2024 года, адначасова захоўваючы наступальны ціск на ўсходзе Украіны для дасягнення доўгатэрміновых аператыўных мэт.

Узмоцнены наступ войскаў РФ летам 2024 года для захопу Пакроўска і скарачэння больш шырокага ўкраінскага выступу на захадзе Данеччыны, мяркуюць экспэрты, дасягне кульмінацыі ў найбліжэйшыя месяцы. Хоць не выключана, што камандаванне акупантамі працягне залучаць іх да агульных стратэгічных намаганняў ў захаванні ініцыятывы на перадавой і знясілення УСУ далёка за межамі гэтага пункту аператыўнай кульмінацыі, незалежна ад стану сваёй баяздольнасці.

«Гэтая «тэорыя перамогі» Пуціна заснаваная на правядзенні УС РФ паслядоўных наступаў на працягу нявызначанага часу, але такія знясільвальныя атакі значна аслабяць наяўную ў Расеі чалавечую сілу і матэрыяльныя сродкі. Так што расейскім войскам давядзецца знізіць тэмп наступу, прынамсі, на асобных адцінках фронту, што дасць УСУ магчымасці аспрэчыць і, магчыма, перахапіць ініцыятыву на полі бою ў гэтых раёнах», – выказалі перакананне аналітыкі ISW.

Апошнія навіны