BE RU EN

Чаму ўладам не варта радавацца праз падаражанне ЗВР

  • 12.10.2024, 11:15

Ёсць важны нюанс.

На гэтым тыдні беларускія медыі дружна пісалі аб тым, што золатавалютныя рэзервы Нацбанку выраслі. Але калі мы гаворым пра беларускія ЗВР, вельмі важна ўжываць правільныя словы. Беларускія золатавалютныя рэзервы не выраслі. Яны падаражэлі.

Пра тое, што насамрэч адбываецца з золатавалютнымі рэзервамі Нацбанку ў новым выпуску праграмы «Оптымум» на ютуб-канале «Белорусы и рынок».

Насамрэч зараз растуць кошты золата. Золата ў беларускіх ЗВР шмат. Ужо больш, чым на 4,5 мільярда даляраў. Кошты золата выраслі, і золата ў беларускіх ЗВР падаражэла на 200 мільёнаў даляраў.

І гэта, канешне, добра, што беларускія ЗВР даражэюць. Было б горш, калі б яны таннелі. Але праблема з золатам у тым, што яно менш ліквіднае, чым валюта. Гэта значыць, калі вам раптам тэрмінова спатрэбяцца грошы, то золата трэба яшчэ спачатку прадаць.

І ў беларускага манетарнага золата ёсць абцяжаранне ў выглядзе санкцый. Таму прадаваць яго давядзецца са зніжкай. Гэтак жа, як мы са зніжкай прадаём Кітаю калій. Таму беларускія залатыя рэзервы, так, яны каштуюць 4,5 мільярда даляраў. Але вось за колькі іх можна будзе прадаць, гэта пытанне, у якім трэба будзе дамовіцца з будучым пакупніком.

Увогуле, для таго, каб купіраваць раптоўныя непрыемнасці на валютным рынку, золата не вельмі падыходзіць. На выпадак гэтых раптоўных сюрпрызаў патрэбныя акурат валютныя рэзервы.

А вось акурат валюты ў беларускіх ЗВР стала менш. Валютныя рэзервы знізіліся на 50 мільёнаў. Таму што імпарт расце хутчэй, чым экспарт.

І улічваючы, як складваецца гандлёвы баланс, зніжэнне ЗВР, насамрэч, было яшчэ мінімальным. Утрымацца рэзервам дапамагла сітуацыя на ўнутраным валютным рынку.

З аднаго боку, прадпрыемствы ў жніўні набылі рэкордны за год аб'ём валюты - амаль тры мільярды даляраў. А прадалі - на 370 мільёнаў менш. За дзевяць месяцаў прадпрыемствы набылі валюты на 22,5 мільярда даляраў, а агульны адмоўны баланс склаў блізу двух мільярдаў.

Але, з іншага боку, насельніцтва таксама паставіла рэкорд. Толькі адваротны. Продаж валюты насельніцтвам быў на 380 мільёнаў даляраў большы, чым купля. Так што намаганнямі насельніцтва і нерэзідэнтаў падагульняючы баланс на ўнутраным валютным рынку атрымаўся станоўчым. Але попыт прадпрыемстваў на валюту нікуды не падзенецца. А вось на колькі насельніцтву выстарчыць валютных запасаў, гэта вялікае пытанне.

Апошнія навіны