BE RU EN

Лукашэнка падпісаў новыя законы

  • 11.10.2024, 20:05

Адзін уразае сацпакет для насельніцтва, другі рэгулюе выплаты вайсковым пенсіянерам.

Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка падпісаў шэраг новых законаў. Адзін з іх – закон «Аб змене законаў у пытаннях занятасці насельніцтва», які павінен «выключыць утрыманства і стварыць умовы для занятасці насельніцтва». Другі – аб выплаце пенсій вайсковым пенсіянерам за мяжой.

Як паведамілі ў прэс-службе ўзурпатара, падпісаны Лукашэнкам закон «Аб змене законаў у пытаннях занятасці насельніцтва» накіраваны на «стварэнне дадатковых умоваў для занятасці грамадзянаў краіны».

Новы закон узмацняе патрабаванні да прызначэння і атрымання дапамогі ў беспрацоўі – як сцвярджаецца, «у мэтах выключэння ўтрыманскіх настрояў». Дапамога будзе прызначацца пры выкананні ўмоваў:

неабходна зарэгістравацца ў службе занятасці цягам месяца з даты звальнення;

не менш як пяць гадоў да рэгістрацыі беспрацоўным знаходзіцца ў працоўных стасунках з выплатай унёскаў у фонд сацабароны насельніцтва.

Максімальны перыяд знаходжання на ўліку ў службе занятасці скарачаецца з 18 да 12 месяцаў, перыяд выплаты дапамогі ў беспрацоўі памяншаецца ўдвая – з шасці да трох месяцаў.

Акрамя таго, уводзіцца інстытут кватавання працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. Квоты будуць вызначацца ў парадку і памерах, вызначаных урадам, для наймальнікаў усіх формаў уласнасці (акрамя грамадскіх аб'яднанняў людзей з інваліднасцю, некамерцыйных і бюджэтных арганізацый).

Разам з тым закон прадугледжвае пашырэнне пераліку катэгорый беспрацоўных, якім даюцца дадатковыя гарантыі занятасці. Да іх аднесеныя людзі перадпенсійнага ўзросту (за пяць гадоў да дасягнення пенсійнага ўзросту), а таксама тыя, хто спыніў знаходзіцца ў ЛПП, і асобы, якія пакутуюць на алкагалізм, наркаманію і прайшлі медыцынскую рэабілітацыю.

З іншых навінаў закону:

пашыраныя магчымасці грамадзянаў для атрымання спрыяння службы занятасці ў пошуку працы, а наймальнікаў – у падборы кадраў;

для беспрацоўных прадугледжаная магчымасць электроннай рэгістрацыі, а таксама рэгістрацыі не толькі на месцы жыхарства, але і на месцы знаходжання;

наймальнікам вылучаецца права заяўляць у Агульнарэспубліканскі банк вакансій звесткі пра актуальныя і перспектыўная патрэбы ў супрацоўніках на дзейныя і новыя працоўныя месцы.

Акрамя таго, Лукашэнка 11 кастрычніка падпісаў закон «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб пенсійным забеспячэнні вайскоўцаў, асобаў кіраўнічага і шараговага складу органаў унутраных справаў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў, органаў і падраздзяленняў у надзвычайных сітуацыях і органаў фінансавых расследаванняў"».

«Дакумент прыняты ў мэтах захавання ўзроўню і парадку пенсійнага забеспячэння вайскоўцаў, асобаў кіраўнічага і шараговага складу дзяржаўных органаў, якія забяспечваюць нацыянальную бяспеку, пасля выхаду Беларусі з адпаведных міжнародных дамоваў», – паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Сярод іншага, закон прадугледжвае прадаўжэнне выплаты пенсій вайсковым пенсіянерам дзяржаваў – удзельніцаў міжнародных дамоваў і чальцам іх сем'яў, пенсіі якім у Беларусі прызначаныя ў перыяд дзеяння гэтых дамоваў.

Вайсковым пенсіянерам, раней звольненым з вайсковай службы (службы) у СССР або ў Беларусі, вылучаецца права на прызначэнне пенсіі і прадаўжэнне ім выплатаў пры выездзе для сталага жыцця за межы краіны.

Акрамя таго, законам уводзяцца дадатковыя катэгорыі грамадзянаў, якім выплачваюцца пенсіі за шэсць месяцаў наперад з наступным спыненнем яе выплаты.

Апошнія навіны