BE RU EN

Новы генеральны сакратар NATO адказаў на ядзерны шантаж Пуціна

  • 11.10.2024, 13:03

Марк Рутэ быў шчыры.

Чальцы NATO не павінны баяцца ядзерных пагроз, якімі раскідваецца Крэмль у спробе аслабіць вайсковую падтрымку Украіны заходнімі краінамі, заявіў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ. І ядзерныя вучэнні, якія пачынаюцца на наступным тыдні, прадэманструюць, паводле яго слоў, гатоўнасць адказаць на такія пагрозы.

У інтэрв'ю Sky News былы прэм'ер-міністраў Нідэрландаў, які ў кастрычніку ўзначаліў альянс, быў шчыры, калі яго спыталі, ці варта чальцам NATO звяртаць увагу на расейскае бразганне зброяй: "Не, не варта, ды яны і не звяртаюць".

У чацвер Рутэ сустракаўся ў Лондане з брытанскім прэм'ер-міністрам Кірам Стармерам і затым удзельнічаў у перамовах паміж ім і Уладзімірам Зяленскім. Прэзідэнт Украіны адправіўся ў тур па найбуйнейшых краінах Еўропы, каб абмеркаваць свой "план перамогі" і яшчэ раз прадставіць аргументы на карысць павелічэння паставак зброі і нанясення дальнабойных удараў углыб расейскай тэрыторыі. Магчымасць зняцця забароны на такія ўдары заходнімі ракетамі заахвоціла Уладзіміра Пуціна заявіць: у Маскве будуць разглядаць гэта як прамы ўдзел краін NATO ў расейска-ўкраінскім супрацьстаянні, што "ўжо істотным чынам мяняе саму сутнасць, саму прыроду канфлікту".

Таму Пуцін прапанаваў скарэктаваць ядзерную дактрыну, каб “агрэсія” з боку няядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай дзяржавы расцэньвалася як супольная атака на Расею. Паводле ягоных слоў, варта таксама ўдакладніць магчымасць прымянення ядзернай зброі ў выпадку атрымання "дакладнай інфармацыі" аб масаваным запуску па цэлях у Расеі паветрана-касмічных сродкаў нападу, такіх як стратэгічная авіяцыя, крылатыя ракеты, гіпергукавыя апараты і беспілотнікі.

Рутэ заявіў: “NATO моцная. Мы можам супрацьстаяць кожнаму супраціўніку. У нас ёсць усё неабходнае, каб гарантаваць бяспеку NATO, супрацьстаяць любой пагрозе. І нас ніколі не запалохаюць краіны, якія не ўваходзяць у NATO, і спрабуюць нам пагражаць. Гэта бескарысна, няхай ён [Пуцін] лепш спыніць гэта рабіць”.

На фоне новага вітка ядзерных пагроз з боку Масквы NATO на наступным тыдні пачне штогадовыя ядзерныя вучэнні Steadfast Noon (“Непахісны поўдзень”). Яны пройдуць пад кіраўніцтвам Бэльгіі і Нідэрландаў, у іх будуць задзейнічаны 2 000 вайскоўцаў, восем вайсковых баз і 60 самалётаў з 13 краін, здольных несці ядзерныя боегалоўкі.

Адказваючы на пытанне, якое пасланне гэтыя вучэнні накіруюць Крамлю, Рутэ сказаў: “Вельмі важна, каб мы правяралі і ўмацоўвалі нашу абарону. Мы таксама ясна далі зразумець нашым супраціўнікам, што гатовыя адказаць на кожную пагрозу”.

Апошнія навіны