BE RU EN

У Маскве расстралялі былога намесніка старшыні ўрада Інгушэціі

  • 11.10.2024, 12:54

Ён у рэанімацыі.

У падмаскоўным Адзінцове невядомы ўчыніў замах на былога намесніка старшыні ўрада Інгушэціі Шэрыпа Аліхаджыева, паведамляе "Коммерсант" са спасылкай на Следчы камітэт Расеі (СКР). Невядомы стрэліў у яго чатыры разы і ўцёк. Аліхаджыеў шпіталізаваны і знаходзіцца ў рэанімацыі.

Са звестак следства, замах адбыўся 10 кастрычніка ў вёсцы Лапіна Адзінцоўскага раёна а 21:00 паводле менскага часу. Нападнік стрэліў у Аліхаджыева не менш за чатыры разы. З двума агнястрэльнымі раненнямі пацярпелы быў дастаўлены ў шпіталь.

Галоўная следчая ўправа СКР Маскоўскай вобласці ў сваім Telegram-канале 11 кастрычніка паведаміла аб замаху на забойства ўласніка домаўладання ў Адзінцове, не называючы імя пацярпелага. Паводле інфармацыі следства, здарэнне адбылося 10 кастрычніка на верандзе дома ў вёсцы Лапіна. Паводле факту замаху на забойства распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 30 ч. 1 арт. 105 КК РФ. Ход і вынікі яго расследавання ўзяла пад кантроль Адзінцоўская гарадская пракуратура.

Аліхаджыеў працуе памочнікам дэпутата Дзярждумы Уладзіміра Шаманава ("Адзіная Расія"). У 2003 г. прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін уручыў Аліхаджыеву, які займаў тады пасаду кіраўніка адміністрацыі Шалінскага раёна Чачэніі, ордэн Мужнасці. У 2006 г. ён заняў пасаду намесніка старшыні ўрада Інгушэціі, піша “Коммерсантъ”.

Апошнія навіны