BE RU EN

Інсульт ці інфаркт?

  • Ірына Халіп
  • 11.10.2024, 12:05

Мэмаў людзі не баяцца.

На гэтым тыдні беларусы абмяркоўвалі дзве галоўныя навіны: дыхавіцу Лукашэнкі і ягоную ж няздольнасць падняцца па прыступках на другі паверх падчас святкавання дня нараджэння Пуціна. Усё астатняе - дробны фон навін, які за такімі навінамі выглядаў зусім бледна.

“Глядзіце, ён ледзь гаворыць!” “Ён задыхаецца!” “Ісці ўжо зусім не можа!” Так беларусы рэагавалі ў сацсетках на фатаграфіі і відэа з Лукашэнкам у Крамлі. Прычым абмяркоўвалі вельмі крыважэрна, з бачнай асалодай. І я раптам зразумела, што свой турэмны тэрмін Лукашэнка ўжо пачаў адбываць. Прысуд увайшоў у дзеянне, няўхільнасць пакарання дагнала нават у Крамлі.

Яму дрэнна. Гэта бачна на ўсіх, не толькі маскоўскіх, фатаграфіях і відэазапісах. Яму дрэнна фізічна і маральна. Ён выдатна ведае, з якім зачараваннем беларусы разглядаюць на фатаграфіях кругі пад вачыма і лішнія кілаграмы, з якім нецярпеннем услухоўваюцца ў перарывістае дыханне на відэа, як гавораць па тым боку экрана: ну давай, яшчэ зусім крыху, не падвядзі! Ён ведае, што кожнае з'яўленне на публіцы - гэта ўсплёск народнай злараднасці: зусім хрэнова выглядае, цяпер ужо на лыжаролерах не пакатаецца.

А не з'яўляцца на публіцы нельга. Лукашэнка, можа, і хацеў бы закрыцца ў нейкай рэзідэнцыі, каб Качанава ежу падавала, а Масандра на званкі адказвала “ён не прымае, пакіньце тэлефанаграму”. Ну можна яшчэ Карпянкова і Караева ў вітальні пасадзіць, каб ахоўвалі. І ўсё, больш ніякіх старонніх, а тым больш фатографаў і аператараў. Але нельга, бо народ яшчэ больш узрадуецца і пачне скакаць на вуліцах, а яго ж, народ, ад гэтых шкодных вулічных звычак некалькі гадоў адвучалі.

Я выдатна памятаю лета 2018 года, калі Лукашэнка знік на тыдзень з публічнай прасторы, не праводзіў нарад і не ўзнагароджваў казацкі хор, і тады людской радасці не было мяжы. Інтэрнэт застракацеў фотажабамі, беларусы вучыліся імітаваць голас Левітана і фразу “ад савецкага Інфармбюро”, а дзяўчаты, якія збіраюцца замуж, какетнічалі ў сацсетках, што ў такіх абставінах іх вяселлі могуць і не стаць галоўнай падзеяй месяца. Знаёмыя лекары пісалі ў асабістыя паведамленні: "Інсульт, інфармацыя стоадсоткавая, мой сябар у рэанімацыйнай брыгадзе". А потым быў травень мінулага года, калі ўсе ўбачылі, як Лукашэнка не ў стане прайсці некалькі метраў па Краснай плошчы - нават закансерваваны і абколаты ботаксам Пуцін на яго фоне выглядаў бадзёрым. І ўсе іншыя “эсэнгэшнік” паважна ішлі па плошчы, не завальваючыся і не хістаючыся. А Лукашэнку павезлі на аўто на адлегласць 300 метраў да Аляксандраўскага сада. Вось ужо дзе была крыніца ўсенароднай весялосці.

Лукашэнка гэта ўсё цудоўна ведае. Ён нічога не забыўся. І намаганнем волі прымушае сябе падняцца, абапіраючыся на абслугу, з крэсла і дайсці да аўтамабіля. Няхай бачаць, што ён нікуды не падзеўся і не збіраецца. Але кожны выхад пад аб'ектывы тэлекамер для яго пакутлівы. Таму што ніякія фільтры не ў стане схаваць узрост, дыхавіцу, хваравіты стан. Лекары, якія паспелі з'ехаць, з задавальненнем каментуюць у сацыяльных сетках ягоны выгляд, ставяць дыягназы і даюць прагнозы. Ніхто ўжо даўно не цікавіцца, колькі адсоткаў галасоў намалююць яму паслядоўнікі Ярмошынай у наступным годзе, - гэта сумна. А вось абмяркоўваць, колькі яму ўвогуле засталося, - гэта ўсім цікава. Прычым абмяркоўваць пажадліва, крыважэрна, з асалодай. Тэлефанаваць сябрам-лекар і пытацца: ну як, ты яго бачыў? І што скажаш? Хутка?

Дарэчы, не так даўно, калі з'явіліся чуткі пра чарговую рэзідэнцыю Лукашэнкі, я хацела знайсці першакрыніцу. І пачала ўносіць у пошукавік “у Лукашэнкі новая рэзідэнцыя”. Дык вось, пасля слоў "у Лукашэнкі" паслужлівы Гугл тут жа выдаў мне самы папулярны запыт: "у Лукашэнкі інсульт ці інфаркт". Вось яны, народныя спадзяванні ў дзеянні.

Гэта і ёсць пакаранне: не толькі ведаць, што кожны чых, кожная страта раўнавагі выклікаюць весялосць народных мас, але яшчэ і разумець, што страху ён ужо сапраўды не выклікае. Людзі, зразумела, баяцца - турмы, катаванняў, сілавікоў, якія прыходзяць на досвітку ламаць дзверы, але не Лукашэнку. Людзі разумеюць, што рэпрэсіі ідуць ужо без ягонага ўдзелу, па інэрцыі. А сам ён сапраўды не прыйдзе ні дубінкай пабіць, ні ў ліфце нагадзіць. Ён зноў, як трыццаць гадоў таму, у самым пачатку, стаў карыкатурным персанажам. Вярнуўся да вытокаў. І ў гісторыю калі і ўвойдзе, то выключна з камічным нумарам “А я вам сейчас покажу, откуда на Беларусь готовилось нападение”. А мемаў людзі не баяцца, гэта ўжо сапраўды.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Апошнія навіны