BE RU EN

Краіны ЕЗ заклікаюць грамадзян з'язджаць з Лібана

  • 1.10.2024, 14:21

Пакуль гэта магчыма.

Еўрапейскія краіны просяць сваіх грамадзян пакінуць Лібан на фоне пачатку наземнага наступу Ізраіля, пішуць "Дэталі".

"Едзьце, пакуль можаце", — сказаў амбасадар Нідэрландаў у Лібане Фрэнк Мален раніцай у аўторак, 1 кастрычніка, але дадаў, што цяпер Нідэрланды не будуць арганізоўваць эвакуацыйны рэйс.

"Гэта сапраўды крайняя мера, вы робіце гэта толькі ў тым выпадку, калі вы сапраўды больш не можаце нічога зрабіць", – растлумачыў ён галандскаму СМІ NOS.

Урад Вялікабрытаніі абвясціў у панядзелак вечарам, што ён замовіў першы эвакуацыйны рэйс з Лібана для вылету ў сераду.

"Жыццёва важна, каб вы з'ехалі цяпер, паколькі далейшая эвакуацыя не можа быць гарантаваная", – сказаў міністр замежных спраў Дэвід Лэмі брытанскім грамадзянам, назваўшы сітуацыю "нестабільнай" і якая патэнцыйна "хутка пагаршаецца".

Міністэрства замежных спраў Нямеччыны таксама абвясціла ў панядзелак, што яно накіравала ў Бейрут спецыяльны вайсковы самалёт "для падтрымкі ад'езду калег і іх сем'яў" і сямейнікаў нямецкіх партнёрскіх арганізацый.

"Нямецкія грамадзяне, якія знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі праз медыцынскія абставіны, таксама будуць вывезеныя", — гаворыцца ў заяве міністэрства.

Міністр замежных спраў Італіі Антоніа Таяні заклікаў у панядзелак увечары ўсіх грамадзян Італіі пакінуць Лібан "камерцыйнымі рэйсамі з Бейрута ў Мілан або Рым".

“У гэты момант лепш пакінуць краіну, бо сітуацыя сапраўды складаная, ідуць баі. Таму для максімальнай гарантыі добра было б, каб грамадзяне Італіі з'ехалі”, - сказаў ён.

Апошнія навіны