BE RU EN

The Telegraph: Дзеянні Расеі ў Чорным моры пагражаюць поўнамаштабнай вайной з NATO

  • 1.10.2024, 13:29

Гэта не проста ваеннае злачынства.

Пасля таго, як Украіна выцесніла расейскі флот з акваторыі Чорнага мора, Расея спрабуе выкарыстоўваць міны, каб абмежаваць або спыніць экспарт украінскага збожжа. Пры гэтым расейцы выкарыстоўваюць дрэйфавальныя міны, што парушае міжнароднае права, і можа справакаваць панамаштабны канфлікт з NATO. Пра гэта ў артыкуле для The Telegraph піша афіцэр Каралеўскага флоту Брытаніі Том Шарп.

Як адзначае Шарп, міны з'яўляюцца самым простым і адным з самых эфектыўных марскіх відаў зброі. Чыннік у тым, што яны танныя, простыя ў вырабе, лёгка ўсталёўваюцца і ім цяжка супрацьстаяць.

Пры гэтым існуе мноства пунктаў міжнароднага права, якія рэгулююць выкарыстанне марскіх мін. Гаажская канвенцыя абвяшчае, што дрэйфавальныя міны павінны прыводзіцца ў бяспечны стан не больш чым праз гадзіну дрэйфу, а заякараныя міны павінны прыводзіцца ў бяспечны стан, калі яны адрываюцца ад швартоўкі. Агулам, міны, як і іншыя віды зброі, не павінны выкарыстоўвацца для невыбарачных нападаў на цывільных асоб і/ці нейтральных асоб.

«На жаль, аднак, гэтыя правілы прымяняюцца толькі да нас. Нікому з нашых супраціўнікаў, патэнцыйным ці рэальным, яны ніколькі не цікавыя… Такія ворагі, як Іран і Расея, вольна ўсталёўваюць міны, уключаючы адмыслова распрацаваныя доўгажывучыя дрэйфавальныя міны, адмаўляюць, што яны гэта зрабілі, а затым назіраюць за вынікамі з бяспечнай адлегласці», - піша экспэрт.

Яшчэ адна праблема з мінамі - іх складана абясшкоджваць

Як адзначае экспэрт, некаторыя флоты, асабліва еўрапейскія, маюць эфектыўныя сілы размінавання, але многія іх не маюць, і гэта адна з галін, у якой, напрыклад, ЗША на здзіўленне слабыя.

Аднак нават пры ўмове дастаткова эфектыўных сіл размінавання, ёсць дзве праблемы ў размінаванні марскіх мін: гэта займае шмат часу, і вы ніколі не можаце быць упэўнены, што выявілі ўсе, адзначае экспэрт:

«Чым большы абшар і чым ніжэйшая жаданая рызыка, тым больш часу гэта зойме — і неабходны час расце экспаненцыяльна па меры набліжэння да поўнай бяспекі».

Міны на сушы таксама небяспечныя, але, прынамсі, тамака, як толькі вы расчысцілі тэрыторыю, яна застаецца вычышчанай. У моры гэта не так, -тлумачыць ён.

Да гэтага часу ў Чорным моры падрывы на мінах былі, на шчасце, рэдкія, адзначае экспэрт, згадваючы аб двух выпадках - калі эстонскае грузавое судна MV Helt было падбітае і затанула ў Адэсы ў сакавіку 2022 года і калі сухагруз Vyssos быў падбіты падчас руху ў порт Ізмаіл на Дунаі.

Наступствы мініравання Чорнага мора

Як адзначае экспэрт, у Расеі ёсць некалькі ваенных спосабаў запуску мін у Чорным моры – ад падводных лодак класа Kilo да ваенных караблёў, самалётаў і гелікаптэраў. Пры гэтым праблема з устаноўкай мін ў тым, што гэта можа зрабіць практычна кожнае судна, указвае ён.

Акрамя таго, кампанія Расеі ў мініраванні ў Чорным моры - гэта не проста ваеннае злачынства, - падкрэслівае Шарп, бо яна таксама можа справакаваць прамую вайну з NATO. Бо Турцыя, Балгарыя і Румынія - гэта краіны NATO, і збожжавы калідор праходзіць у іх тэрытарыяльных водах:

«Што адбываецца, калі міна дрэйфуе ў тэрытарыяльных водах NATO і топіць ці пашкоджвае там судна? Гэта сітуацыя, якая падпадае пад артыкул 5 NATO: чальцы Альянсу абавязаныя рэагаваць на такую атаку так, як калі б гэта была атака на іх усіх… Гэта толькі пытанне часу, калі расейскае мінаванне прывядзе да буйнога інцыдэнту, які можа абвастрыцца».

Апошнія навіны