BE RU EN

Сейм Літвы дэнансаваў дамову з Беларуссю

  • 1.10.2024, 12:15

Пагадненне было падпісанае ў 1999 годзе.

Сейм Літвы ў канчатковым чытанні прыняў законапраекты аб дэнансацыі пагадненняў з Беларуссю і Расеяй у сферы інвестыцый і падаткаабкладання. Пра гэта гаворыцца на сайце літоўскага парламента.

Дэпутаты падтрымалі дэнансацыю пагаднення з Беларуссю аб заахвочванні і абароне інвестыцый. Яна была падпісаная ў 1999 годзе. Таксама Літва разрывае аналагічнае пагадненне з РФ і пагадненне з Расеяй аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання.

Пастанова абгрунтаваная вайной Расеі супраць Украіны і падтрымкай беларускімі ўладамі гэтай агрэсіі. У выніку было прыпыненае памежнае супрацоўніцтва і інвестыцыі з гэтых краін у Літву.

Далей пасля падпісання законаў прэзідэнтам, Беларусі праз дыпламатычныя каналы будзе накіраванае апавяшчэнне аб дэнансацыі пагаднення. Яно спыніць дзейнічаць праз год пасля атрымання такога паведамлення. Пры гэтым да інвестыцый, зробленых да скасавання пагаднення, пункты аб іх абароне будуць выкарыстоўвацца яшчэ 10 гадоў. Аднак новыя інвестыцыі заахвочвацца не будуць.

Апошнія навіны