Мінабароны Румыніі: Расейскія «Шагеды» заляцелі на тэрыторыю краіны
- 30.09.2023, 11:25
Гэта адбылося падчас начнога нападу на Украіну.
Расейскія дроны-камікадзэ, імаверна, зноў парушылі паветраную прастору Румыніі падчас атакі супраць Украіны ўночы 30 верасня. Пра гэта паведамляе Міністэрства абароны Румыніі.
Адзначаецца, што расейскія беспілотнікі былі знойдзены ў небе паблізу ад Румыніі, калі яны групамі накіроўваліся ў бок тэрыторыі Украіны. Праз гэта ў населеных пунктах прымежных з Украінай абшараў быў абвешчаны рэжым паветранай небяспекі.
Аднак гэтым не абмежавалася. Радарная сістэма назірання румынскага войска адзначыла магчымае несанкцыянаванае пранікненне расейскіх дронаў у паветраную прастору Румыніі.
«У выніку сілы ратавальнікаў, паліцыі і памежнай паліцыі былі перанакіраваныя ў абшары паблізу места Галаца, дзе быў зафіксаваны адпаведны сігнал радара. На гэты момант аб'ектаў, якія ўпалі з паветранай прасторы на тэрыторыі краіны, не знойдзена. Сёння пошукі прадоўжацца», — запэўнілі румынскія вайскоўцы.