BE RU EN

Пяць важных зменаў, якія закрануць амаль кожнага беларуса

  • 24.09.2023, 13:58

І паўплываюць на таўшчыню партманэтаў.

У 2024 годзе ўлады ўвядуць некалькі важных зменаў, якія закрануць амаль кожнага жыхара Беларусі і адаб'юцца на таўшчыні нашых партманэтаў.

Сайт zerkalo.io распавёў пра іх.

Унясуць змены ў Працоўны кодэкс

Са студзеня 2024 года пачне працаваць абноўлены Працоўны кодэкс. Напрыклад, насельніцтва будзе праходзіць па-новаму дыспансерызацыю. Чыноўнікі ўвядуць адзін аплатны выходны для дыспансерызацыі. Работнік будзе атрымліваць за гэты дзень сярэдні заробак. Але скарыстацца такой магчымасцю работнікам, якім менш за 40 гадоў, можна будзе толькі раз на тры гады. Работнікі, старэйшыя за гэты ўзрост, змогуць браць адзін аплатны выхадны дзень пад дыспансерызацыю адзін раз на год, а тыя, хто працуе на пенсіі, — два разы на год (гэта тычыцца таксама тых, каму да выхаду на заслужаны адпачынак застаецца менш за пяць гадоў).

Таксама ўвядуць змены ў адпачынках, выплаце заробку, скарочаным рабочым дні для шматдзетных, выдаленай рабоце, харчаванні работнікаў. Падрабязней аб зменах можна прачытаць па гэтай спасылцы.

Сілавікі атрымаюць супердоступ да выплат насельніцтва

Да 1 сакавіка 2024 года сілавікі паводле спецыяльнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі атрымаюць супердоступ да выплат беларусаў. Гаворка пра супрацоўнікаў пракуратуры, дзяржбяспекі, унутраных спраў, Следчага камітэта і Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі. Чыноўнікі аргументуюць новаўвядзенне барацьбой з ашуканцамі.

На пастанову Генпракуратуры, КДК, СК і МУС змогуць прыпыняць на тэрмін да 10 дзён расходныя аперацыі па банкаўскім рахунку, укладу, электронным партманэце, калі ў праваахоўнікаў будуць звесткі або толькі падазрэнні «аб супрацьпраўных дзеяннях». Прасцей кажучы, нават калі сілавікам здасца, што па рахунку маглі быць учыненыя «супрацьпраўныя дзеянні», яны змогуць яго заблакаваць на тэрмін да 10 дзён.

У 2024 годзе сілавікі атрымаюць супердоступ да выплат беларусаў, але ад банкаў ужо цяпер патрабуюць падрыхтавацца да гэтага.

Падатковыя змены

У 2024 годзе ўлады маюць намер увесці чарговыя падатковыя новаўвядзенні. Але пакуль пастанова, якія менавіта гэта будуць змены, не прынятая.

Магчымыя праўкі прадугледжаныя як для насельніцтва, так і для юрыдычных асоб. Адна з прапаноў - увесці дадатковы стандартны падатковы вылік па падаходным падатку для маладых спецыялістаў.

Чыноўнікі таксама хочуць увесці новаўвядзенні для падатку на нерухомасць, але падрабязнасці не раскрываюць.

Для заснавальнікаў сельскагаспадарчых арганізацый могуць увесці льготу па падатку на прыбытак. Чыноўнікі таксама разглядаюць варыянт, каб у пазарэалізацыйныя выдаткі ўключалі грошы, якія былі накіраваныя на куплю і будаўніцтва маёмасці сельскагаспадарчага прызначэння.

Адна з магчымых падатковых правак датычыцца выкарыстання інвестыцыйнага выліку. Разглядае варыянт павялічыць гэты вылік і тэрмін яго ўжывання (у тым ліку для буйных аплатнікаў, якія рэалізуюць інвестыцыйныя праекты).

Лісткі непрацаздольнасці па-новаму

З 1 студзеня 2024 года ўвядуць змены па бальнічных лістках. Адна з іх - мінімальную суму лісткоў непрацаздольнасці прывяжуць да сумы мінімальнага заробку. Цяпер ён прывязаны да бюджэту пражытковага мінімуму агулам на душу насельніцтва і складае 50% ад гэтага паказчыка (на сёння гэта 182,2 рубля).

Таксама чыноўнікі павялічаць суму лісткоў непрацаздольнасці для тых, хто працуе больш за 10 гадоў. Для іх з першага дня хваробы лісток непрацаздольнасці будзе аплачвацца ў суме 100% страчанага заработку. Для работнікаў са стажам, меншым за 10 гадоў - 80% страчанага заробку. Цяпер дапамога па часовай непрацаздольнасці першыя 12 дзён кампенсуе 80% страчанага заработку, астатнія дні хваробы – 100%.

Яшчэ адна змена - павелічэнне сумы сярэднядзённага заробку для разліку лістоў непрацаздольнасці. У разлік будуць уключаць усе выплаты, на якія налічваюцца абавязковыя страхавыя ўнёскі ў бюджэт фонду на сацстрахаванне па ўсіх работадаўцах (у тым ліку былым) у разліковым перыядзе.

З 2024 года лісткі непрацаздольнасці будуць прызначаць толькі па асноўным месцы працы з улікам заробку ва ўсіх працадаўцаў. Больш падрабязна аб зменах па лістках непрацаздольнасці, якія ўвядуць у 2024 годзе, можна прачытаць па гэтай спасылцы.

Пенсійныя навіны

З 2024 года падвысяць мінімальны страхавы стаж. Ён неабходны для атрымання працоўнай пенсіі. У гэты стаж уваходзіць толькі той час, калі вы працавалі і працадаўца плаціў за вас страхавыя ўнёскі ў Фонд сацабароны. Цяпер мінімальны страхавы стаж складае 19 гадоў. З 1 студзеня 2024 года ён вырасце на паўгода - да 19 гадоў і шасці месяцаў.

Мінімальны страхавы стаж маюць намер павысіць да 20 гадоў. У планах чыноўнікаў, гэта павінна адбыцца ў 2025 годзе. Нагадаем, у 2013 годзе гэты паказчык павялічыўся з 5 да 10 год. Беларусы, якія не выпрацавалі страхавы стаж паводле новых правілаў, трапляюць у пенсійную пастку, яны не могуць прэтэндаваць на а працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную: мужчыны - з 65 гадоў, жанчыны - з 60 гадоў. Цяпер сацыяльная пенсія складае 182,2 рубля.

Яшчэ адна пенсійная змена пад пытаннем. Так, чыноўнікі хочуць дазволіць аплатнікам падатку на прафдаход уносіць больш сродкаў у дзяржбюджэт, каб гэтыя грошы ішлі ў ФСАН на будучую пенсію. «Наданне права фізічным асобам (разглядаецца. - Заўвага. рэд.) выплачваць падатак на прафесійны даход па павышанай стаўцы з пералікам дадаткова выплачанай сумы падатку ў бюджэт ФСАН», - удакладнялі раней у Менскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

Апошнія навіны