Беларускім студэнтам дазволілі не плаціць у грамадскім транспарце
- 28.03.2023, 17:26
Але не ўсім.
Менскі гарадскі Савет дэпутатаў пашырыў пералік ільготнікаў, якія могуць бясплатна карыстацца грамадскім транспартам. Права бясплатнага праезду далі студэнтам на стацыянары з Менска, якія вучацца на першым і другім курсах устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пры паездках на вучобу ў Менскі раён.
На студэнтаў ВНУ і студэнтаў ПТВ старэйшых курсаў гэтая льгота не распаўсюджваецца, паведамляе Telegraf.
Якія льготы на грамадскі транспарт ёсць у студэнтаў?
У Менску навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і спецыяльнай адукацыі могуць бясплатна ездзіць у грамадскім транспарце круглы год. Гэта льгота распаўсюджваецца на аўтобусы і электробусы, трамваі і тралейбусы, а таксама метро і дзейнічае нават у перыяд летніх канікулаў.
Навучэнцы, якія пражываюць у Менскім раёне і ездзяць на вучобу ў сталіцу, бясплатна карыстацца прыгарадным транспартам могуць з 1 верасня да 30 чэрвеня.
Для таго, каб скарыстацца правам бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце, навучэнец павінен мець пры сабе і пры неабходнасці паказаць для праверкі дакументы, якія пацвярджаюць яго навучанне ва ўстанове адукацыі - электронную карту навучэнца або даведку.
З мінулага года бясплатна дазволілі ездзіць таксама студэнтам на стацыянары першага і другога курсаў ліцэяў і каледжаў, але толькі цягам навучальнага года, за выключэннем перыяду летніх вакацый, гэта значыць, з 1 верасня да 30 чэрвеня. Для гэтага ў студэнтаў таксама павінен быць пры сабе білет навучэнца.