«Купалаўцы» - сапраўдная беларуская эліта»
- 28.03.2023, 14:16
Незалежная акторская трупа адзначыла Міжнародны дзень тэатра ў Варшаве.
Акторы Купалаўскага тэатра ўчора, 27 сакавіка, адзначылі Міжнародны дзень тэатра ў варшаўскім Музеі свабоднай Беларусі.
Трупа Нацыянальнага тэатра Янкі Купалы ў 2020 годзе падтрымала народныя пратэсты. Тады 60 "купалаўцаў" напісалі заявы на звальненне. З таго часу акторы выступаюць на еўрапейскіх пляцоўках.
У Музеі свабоднай Беларусі народная артыстка Зоя Белахвосцік прадставіла монаспектакль, які расказвае пра гісторыю сваёй сям'і, пачынаючы з 1920 года. У спектаклі апавядаецца ў тым ліку пра рэпрэсаваных за савецкім часам блізкіх акторкі, знакамітага дзеда Глеба Глебава, ейнага бацьку, актора Валянціна Белахвосціка. Сям'я Белахвосцік - найстарэйшая акторская дынастыя ў Беларусі.
Пасля выступілі былы дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка і галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Наталля Радзіна.
Павел Латушка расказаў пра падзеі, якія адбываліся з акторамі ў 2020 годзе, калі акторы пратэставалі супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў.
Потым «купалаўцаў» павіншавала Наталля Радзіна:
- Вельмі шкада, што мы сёння не ў Беларусі, але добра, што ў Варшаве і на волі. Я б хацела сказаць даволі відавочную рэч, але вы, “купалаўцы”, сапраўдная беларуская эліта. Таму сёння пара вам пераасэнсоўваць тое, што адбываецца ў нашай Беларусі. Пераасэнсоўваць лёсы беларускіх палітычных вязняў, тыя змены, якія адбываюцца ў свядомасці беларусаў. Мне падаецца, сёння вельмі шмат працы, і яе трэба рабіць менавіта вам, бо вы вельмі таленавітыя, сумленныя, бо вы ў 2020 годзе зрабілі вельмі правільны выбар і сталі на бок народа. Усім вам мужнасці, веры ў тое, што ўсё гэта скончыцца і мы неўзабаве вернемся дадому ў вольную Беларусь.