У РФ цэлы пасёлак прыехаў грэцца ў аэрапорт, каб выратаваць свае жыцці
- 9.12.2023, 19:28
Мясцовыя жыхары засталіся без электрычнасці ў 25-градусны мароз.
Праз пастаянныя веерныя адключэнні электраэнэргіі ў Хакасіі расейцам даводзіцца шукаць месцы, дзе б сагрэцца, каб не змерзнуць да смерці, бо газавага ацяплення ў іх няма.
Так, жыхары Калініна, застаўшыся без святла ў 25-градусны мароз, наважылі ратавацца ў аэрапорце Абакана, які, на іх шчасце, знаходзіцца за 200 метраў ад пасёлка. Адпаведнае відэа яны апублікавалі ў сябе ў сацсетках, паведамляе сайт nv.ua.
На ім відаць, як натоўп накіроўваецца да тэрмінала. Людзі адзначаюць, што проста не бачаць іншага выйсця.
«Вось такія вось у нас праблемы. Усім Калініна прыехалі ў аэрапорт горада Абакан. З дзецьмі, жанчыны, мужчыны. Грэцца. Проста мы не бачым выйсця з сітуацыі, акрамя як ехаць у аэрапорт. І гэта толькі пачатак. Я зараз сюды яшчэ і сям'ю сваю павязу», – распавёў адзін з мясцовых жыхароў.
Пры гэтым такія адключэнні, з іх слоў, адбываюцца пастаянна, але ніхто гэтай праблемай не займаецца.