BE RU EN

Пуцін заклікаў расейцаў нараджаць восем дзяцей

  • 28.11.2023, 19:06

Расея сутыкнулася са складанымі дэмаграфічнымі выклікамі.

Расея сутыкнулася са «складанымі дэмаграфічнымі выклікамі», і каб іх пераадолець, трэба адраджаць традыцыі шматдзетнасці ў сем'ях, заявіў у аўторак прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

У многіх народаў Расеі «захоўваецца традыцыя моцнай, шматпакаленнай сям'і, дзе выхоўваюцца чацвёра, пяцёра і больш дзяцей», сказаў Пуцін, выступаючы на пасяджэнні Сусветнага расейскага народнага сабору.

Ён нагадаў, што ўсяго некалькі пакаленняў таму – у бабуляў, прабабуляў цяперашніх расейцаў – у сем'ях было сем-восем дзяцей, а то і больш. «Давайце гэтыя цудоўныя традыцыі зберагаць і адраджаць. Шматдзетнасць, вялікая сям'я павінны стаць нормай, ладам жыцця для ўсіх народаў Расеі», – цытуе Пуціна прэс-служба Крамля.

Паводле словаў прэзідэнта, развязаць дэмаграфічныя праблемы толькі з дапамогай грошай, ільготаў, сацыяльных выплатаў і дапамог «немагчыма». Нацпраект «Дэмаграфія», які дзейнічае з 2018 года і каштуе бюджэту 4 трыльёны рублёў, пакуль быў бяссільны выцягнуць краіну з дэмаграфічнай ямы.

Паводле вынікаў першага паўгоддзя 2023 года колькасць дзяцей, якія нарадзіліся ў Расеі, знізілася яшчэ на 3%, да 616,2 тысячы, а ў чэрвені была і зусім мінімальнай за ўсю гісторыю назіранняў – 104,4 тысячы, што на 6,7% менш, чым год таму.

Колькасць нараджэнняў дзяцей у Расеі ўстойліва зніжаецца з анэксіі Крыма і з таго часу ўпала ўжо амаль на трэць: 1,942 млн у 2014 годзе, 1,94 млн у 2015-м, 1,888 млн у 2016-м, 1,69 млн у 2017-м, 1,604 млн у 2018-м, 1,481 млн у 2019-м, 1,436 млн у 2020-м, 1,398 млн у 2021-м, 1,306 млн – у 2022-м.

Паводле вынікаў гэтага года, паводле прагнозу Расстата, колькасць народжаных скароціцца да 1,244 млн і стане мінімальнай з 1990-х, а ў наступныя гады праб'е і гэты мінімум: 1,171 млн дзяцей у 2024-м, да 1,153 млн – у 2025-м, 1,143 млн – у 2026-м.

Апошнія навіны