BE RU EN

Мінфін ЗША прыстрашыў турмой перавозчыкаў, якія парушаюць цэнавую столь для расейскай нафты

  • 28.11.2023, 15:00

Вашынгтон змяніў тон.

Улады ЗША дэманструюць рашучасць рабіць больш жорсткія меры, каб абмежаваць прыток нафтадаляраў у Расею, піша The Moscow Times.

Амерыканскія чыноўнікі не толькі ўвялі санкцыі супраць пяці танкераў, якія парушалі патрабаванне коштавай столі для расейскай нафты, але і запатрабавалі інфармацыю яшчэ пра сотню. Яны таксама змянілі тон у размовах з тымі, хто звязаны з транспартаваннем нафты з Расеі, распавялі Bloomberg мэнэджары дзвюх страхавых кампаній.

Больш за тое, Міністэрства фінансаў ЗША прыстрашыла турмой прадстаўнікоў суднаходнай кампаніі, калі тыя не дадуць запытаную інфармацыю ў поўным аб'ёме. Аб гэтым гаворыцца ў адным з лістоў, з якім пазнаёміўся Bloomberg. Усяго Мінфін разаслаў 30 кампаніям - уладальнікам прыкладна 100 танкераў - патрабаванне даць шырокі спектр звестак і дакументаў, звязаных з перавозкай расейскай нафты і фірмамі, якія яе ажыццяўляюць.

Асноўны расейскі гатунак Urals ужо з ліпеня прадаваўся даражэй за ўсталяванае “вялікай сямёркай” і Еўразвязам абмежаванні на $60 за барэль. Але ў канцы кастрычніка - пачатку лістапада ЗША сталі ўзмацняць жорсткасць санкцыйных мер: акрамя запыту інфармацыі яны ўвялі санкцыі супраць пяці танкераў (чатыры з іх звязаныя з «Саўкамфлотам», адзін належыць турэцкай кампаніі). Такія крокі мелі сваё дзеянне.

Тры буйныя грэцкія суднаходныя кампаніі - Minerva Marine, Thenamaris і TMS Tankers, якія кіруюць больш чым сотняй нафтавых танкераў, а таксама суднамі для перавозкі нафтапрадуктаў, у апошнія тыдні спынілі транспартаванне расейскіх энергарэсурсаў, паведаміў днямі Reuters са спасылкай на чатырох прадстаўнікоў галіны і суднавыя звесткі. Усе тры перавозчыкі адхілілі запыты на новую арэнду суднаў для расейскай сыравіны з адгрузкай у лістападзе і пазней. Кошты на Urals таксама ўпалі да $60 барэль.

Да канца лістапада колькасць грэцкіх суднаў, якія перавозяць расейскую нафту, скароціцца на чвэрць у параўнанні з кастрычнікам (з 20 да 15), а з чэрвеня яна зменшылася ўжо на 60%, сведчаць звесткі Bloomberg у адсочванні суднаў.

Грэцыя займае важнае месца на рынку транспартавання раснйскай нафты. Нават пасля апошніх скарачэнняў яе суда перавозяць блізу 20% гатунку Urals, які экспартуецца з балтыйскіх і чарнаморскіх партоў, і амаль 15% ад сукупнага аб'ёму марскога экспарту (уключаючы парты на Ціхім акіяне і ў Арктыцы).

Заходнія краіны, раздражнёныя тым, што Расея навучылася абыходзіць іх санкцыі з дапамогай згаворлівых танкерных кампаній і не занадта рэспектабельных страхавых фірмаў, пачалі паляванне за “ценявымі” танкерамі і прыстрашылі ўзмацніць кантроль за якасцю страхоўкі, адзначае экспэрт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін. У выніку кошт расейскай нафты стаў падаць, а кантрабанда рэзка пайшла на спад: “Колькасць танкераў, уладальнікі якіх гатовыя рызыкнуць, скарацілася — і гэта не магло не адбіцца на марскім экспарце з Расеі”. Так, за тыдзень з 12 да 19 лістапада ён упаў на 580 000 барэляў за дзень, гэта значыць амаль на 20% у параўнанні з сярэднім паказчыкам за месяц.

Апошнія навіны