BE RU EN

Дрэнны знак для Лукашэнкі

  • 1.07.2022, 9:59

Калі справа так пойдзе далей, то тутэйшая эліта пачне думаць, што «цар несапраўдны».

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам замежных справаў РФ Сяргеем Лаўровым хацеў данесці шырокай публіцы два мэсэджы.

Як часта бывае ў ягоных выступах, яны не супадалі, а нават пярэчылі адзін аднаму, піша Валер Карбалевіч на «Радыё Свабода».

Першае пасланне ўжо набыло моц традыцыі. З пачатку вайны ва Украіне Лукашэнка падчас сустрэчаў з Пуціным з усіх сілаў імкнецца прадэманстраваць звышлаяльнасць Расеі. Ягоная рыторыка датычна Захаду і Украіны яшчэ больш агрэсіўная, чым у саміх расейскіх афіцыйных асобаў.

Так і цяпер, падчас сустрэчы з Лаўровым, Лукашэнка вельмі моцна хацеў спадабацца расейскай аўдыторыі. Ён цалкам апраўдваў вайну Расеі супраць Украіны, маўляў, «нам іншага шляху не пакінулі», бо адхілілі ўсе расейскія ўльтыматумы. І пагроза Захаду ядзернай зброяй, якая прагучала ў Санкт-Пецярбургу некалькі дзён таму, – гэта ніякая не інсцэніроўка, усё па-сапраўднаму. Лукашэнка паўшчуваў Украіну за нацыяналізм, Літву – за абмежаванне калінінградскага транзіту. І тым самым выканаў усю абавязковую праграму.

А вось другі мэсэдж – зусім іншы. Мяркуючы з усяго, Лукашэнку моцна напружвае тое, што замежныя палітыкі і медыя, беларускія незалежныя СМІ завуць яго марыянеткай Пуціна, кажуць, што беларускі дыктатар больш не гаспадар на сваёй зямлі, тут усім кіруе Масква. У такой атмасферы ён адчувае сябе няўтульна.

І таму Лукашэнка імкнецца гэта аспрэчыць: «і не трэба там канючыць, крычаць, што “тут Пуцін захапіў Беларусь”, “што хоча, тое і робіць”. Ды не, зусім не так. “У нас узгодненая разумная палітыка дзвюх суверэнных дзяржаў”, “мы павінны порах трымаць сухім на ўсіх напрамках”».

І яшчэ адно аспрэчванне апанентаў: «Я ўвесь час чую: заўтра паглынанне, заўтра інкарпарацыя... 30 гадоў прайшло. Не інкарпаравалі, не паглынулі, нічога не павезлі».

І галоўны аргумент: «А калі ўжо шчыра, то мы ад Расеі атрымліваем усё тое, што трэба суверэннай незалежнай дзяржаве». Ага, і расейскія войскі на сваёй тэрыторыі ў якасці бясплатнага дадатку.

І каб павысіць сваю палітычную вагу, свой статус, трэба прыўзняць сябе да ўзроўню крамлёўскага ўладара. «Мы з Пуціным вельмі сур'ёзна абмяркоўвалі гэтыя пытанні», – кажа ён пра канфлікт Расеі з Літвой вакол калінінградскага транзіту.

Але тое, што магло працаваць раней на ягоны імідж, цяпер мала працуе. Той факт, што даводзіцца публічна даказваць сваю суб'ектнасць, аспрэчваць, што Пуцін тут гаспадарыць як хоча, запэўніваць, што Беларусь яшчэ не паглынулі, – дрэнны знак для кіраўніка, які чвэрць стагоддзя быў паўнаўладным кіраўніком краіны. Калі справа так пойдзе далей, то тутэйшая эліта пачне думаць, што «цар несапраўдны», з усімі непрыемнымі наступствамі.

Апошнія навіны