BE RU EN

Навукоўцы развянчалі распаўсюджаны міф аб метабалізме і ўзросце

  • 12.09.2021, 17:15

Даследнікі з Абердзінскага ўніверсітэта праверылі ходкае сцвярджэнне.

Часта даводзіцца чуць, што з узростам абмен рэчываў запавольваецца, у выніку мы абзаводзімся лішнімі кілаграмамі. Брытанскія даследчыкі прааналізавалі звесткі 6400 чалавек з 29 краін, каб высветліць, ці так гэта. У выбарку патрапілі людзі ва ўзросце ад васьмі дзён да 95 гадоў. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Science, піша «Вокруг света».

Як выявілася, выдаткі энэргіі хутка паскараюцца ў дзяцей да года. У гэтым узросце метабалізм вышэйшы, чым у дарослых на 50%. Пасля года абмен рэчываў пачынае паступова зніжацца. Дасягнуўшы 20 гадоў дарослага ўзроўню, метабалізм застаецца стабільным да 60 гадоў. І толькі пасля 60 пачынае няўхільна зніжацца.

Таксама навукоўцы праверылі, ці сапраўды ў мужчын больш хуткі метабалізм, чым у жанчын, аднак і гэтаму сцвярджэнню не было знойдзена пацверджанняў.

«Мужчыны агулам спальваюць больш калорый за дзень, чым жанчыны, але толькі таму, што мужчыны, як правіла, больш буйныя і маюць крыху менш тлушчу ў арганізме, - адзначыў адзін з аўтараў даследавання Герман Понцэр (Herman Pontzer). - Мужчына і жанчына з аднолькавай масай цела і аднолькавым адсоткам тлушчу будуць мець аднолькавую хуткасць абмену рэчываў».

Апошнія навіны