BE RU EN

Каго ўвекавечвалі беларусы ў муралах на гэтым тыдні

  • 9.10.2020, 21:11

Пратэстны стрыт-арт з'яўляецца па ўсёй краіне.

Кожны дзень на вуліцах гарадоў Беларусі з'яўляюцца новыя плакаты, муралы і арт-аб'екты.

«Онлайнер» апублікаваў падборку стрыт-арта за тыдзень.

Тыдзень пачаўся са з'яўлення «алеі герояў» у раёне вёскі Копішча пад Менскам.

Тут з'явіўся партрэт Юрыя Корзуна - шахцёра «Беларуськалія», які ў знак пратэсту прыкаваў сябе кайданкамі ў забоі (цяпер ён адбывае 15 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Побач з Корзунам намалявалі «дыджэяў перамен», якія ўключылі песню Цоя на мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы, за што неўзабаве трапілі на Акрэсціна (пасля вызвалення яны прынялі пастанову пакінуць краіну).

Па суседстве з дыджэямі з'явіўся плакат, прысвечаны выратавальнікам на водах, якія выцягвалі пратэстоўцаў з Свіслачы і перавозілі на супрацьлеглы ад АМАПу бераг (за што таксама неўзабаве трапілі на Акрэсціна).

І вядома, Марыю Калеснікаву, якая знаходзіцца пад вартай у Жодзіна паводле абвінавачвання ў частцы 3 артыкула 361 КК.

У Барысаве з'явіўся мемарыял Мікіты Крыўцова - 28-гадовага хлопца, які прапаў 12 жніўня і праз 10 дзён быў знойдзены павешаным у раёне вул. Парніковай.

А ў Віцебску - рэмейк карціны Марка Шагала «Прагулка» з актывісткай Нінай Багінскай у галоўнай ролі.

Вулічныя мастакі не забыліся і пра баскетбалістку Алену Леўчанку, што адбывае адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях пратэсту. Такі мурал з'явіўся ў Менску.

На адной са сталічных пабудоў з'явіўся партрэт Святланы Ціханоўскай, намаляваны ад рукі.

У Лошыцы выявілі Максіма Знака на фоне бел-чырвона-белага палатна.

У двары жылога комплексу ў раёне станцыі метро «Пятроўшчына» працягваецца стрыт-арт-баталія. У верасні тут з'явілася некалькі муралаў, прысвечаных беларускім жанчынам у пратэстах і фотакарэспандэнтам, якім прысудзілі адміністрацыйныя арышты, а таксама гістарычны герб «Пагоня» і коцік з сярэднявечнага герба з подпісам «кусь за Беларусь».

Прыхільнікі рэжыму рэгулярна знішчаюць гэтыя муралы, дапаўняючы іх зялёнай фарбай.

Аднак пратэстна настроеныя жыхары навакольных дамоў не толькі аднаўляюць старыя муралы, але і малююць новыя. На гэтым тыдні з'явіўся мурал у гонар відэаблогераў, якія падтрымліваюць беларускі пратэст (Пракапеня, Кац, Навальны, Ціханоўская).

У Фрунзенскім раёне з'явіўся вялікі плакат, які заклікае да ўз'яднання беларускага народа і з надпісам «Жыве Беларусь».

У раёне вуліц Захарава - Пуліхава мурал з дзецьмі, якія стаяць у счэпцы, дапоўнілі гербам «Пагоня» і Фемідай у балаклаве.

У раёне вул. Кульмана з'явілася выява беларускага музыкі, з ражка якога льецца бел-чырвона-белая музыка.

На трансфарматарнай будцы ў раёне вул. Кульмана мурал з кветкамі і калібрамі дапоўнілі БЧБ-стужкай.

Яшчэ адзін мурал, адаптаваны пад пратэстную тэматыку, з'явіўся ў Сцяпянцы.

Вулічныя жывапісцы зноў нагадалі беларусам пра прэсінг IT-кампаніі Panda Doc.

Па горадзе, у тым ліку на легальных слупах для расклейкі афіш, з'явіліся плакаты пратэстнай тэматыкі.

У адным з раёнаў Менска чырвона-белай вышыванкай упрыгожылі тэнісны стол.

Па-за ўвагай вулічных мастакоў не застаўся і інцыдэнт з вадакідам, які, нібы кіт, біў бруёй у неба. Наўрад ці гэты няспраўны агрэгат нанёс шкоду каму-небудзь з пратэстоўцаў, але побач з яго выявай усё роўна з'явіўся надпіс «Не забудзем, не прабачым».

Апошнія навіны