BE RU EN

За праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову паручыліся амаль 200 чалавек

  • 9.10.2020, 16:29

Паручальніцтвы з хадайніцтвам аб змене меры стрымання будуць перададзеныя ў СК.

Праваабаронцы "Вясны" ў межах кампаніі за вызваленне палітычнай зняволенай і вязня сумлення Марфы Рабковай сабралі 190 паручальніцтваў беларусаў і беларусак. Неўзабаве паручальніцтвы з хадайніцтвам аб змене меры стрымання Марфы будуць перададзеныя ў Следчы камітэт.

Гэтая працэдура прадугледжаная артыкулам 121 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Асабістая парука палягае ў прыняцці на сябе годнымі даверу асобамі пісьмовага абавязацельства аб тым, што абвінавачаны на волі не ўцячэ ад органа крымінальнага пераследу і суда, не будзе перашкаджаць расследаванню справы або разгляду яе судом і не будзе займацца злачыннай дзейнасцю.

Старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі нагадвае, што міжнародная і беларуская праваабарончая супольнасць расцэньваюць пераслед Марфы Рабковай палітычна матываваным і вельмі абураныя тым, што яна знаходзіцца ў зняволенні.

"Марфу фактычна трымаюць у закладніках, бо абвінавачванне абсурднае і зусім не мае ніякага дачынення да яе дзейнасці", - падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянцін Стэфановіч распавёў, што кампанія збору паручальніцтваў з'яўляецца часткай вялікай кампаніі ў падтрымку Марфы, якая праводзіцца беларускімі праваабаронцамі з калегамі з міжнародных праваабарончых арганізацый.

"Мы мяркуем, што трэба выкарыстоўваць усе магчымасці для таго, каб вызваліць Марфу з-пад варты. Таму мы збіралі гэтыя паручыцельствы і заклікалі ўсіх далучыцца да кампаніі.

Таксама гэта падтрымка самой Марфы і салідарнасць з ёй. Калі людзі падпісваліся за яе, то разумелі, што ў выпадку невыканання ёй умоў вызвалення з-пад варты, яны могуць атрымаць вялікі штраф. І пры такіх умовах усе згодныя падтрымліваць Марфу.

Праваабаронцы "Вясны" вельмі рады, што беларусы таксама далучыліся да кампаніі вызвалення Марфы. Мы вельмі ўдзячныя за гэта.

Мы чарговым разам заклікаем беларускія ўлады вызваліць нашу калегу. Як мы ўжо неаднаразова адзначалі, у тым ліку ў заяве Рады "Вясны", пераслед Марфы мы ўспрымаем як пераслед "Вясны" цалкам, бо Марфа з'яўляецца чальцом і праваабаронцай нашай арганізацыі. Мы намагаем і патрабуем неадкладна яе вызваліць", - сказаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі заявіў, што кампанія за вызваленне Марфы Рабковай прадаўжаецца. Найбліжэйшым часам плануецца судовае абскарджанне меры стрымання Марфы.

Апошнія навіны