BE RU EN

Пратэстоўцы «ўзялі ў аблогу» пасольства Беларусі ў Нямеччыне

  • 9.10.2020, 12:37

Кожны працоўны дзень перад будынкам амбасады праходзяць акцыі.

Больш за 350 беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі ФРГ заклікалі амбасадара Беларусі ў Нямеччыне Дзяніса Сідарэнку і ўсіх супрацоўнікаў амбасады публічна выказаць сваю пазіцыю ў дачыненні да супрацьзаконнага ўтрымання ўлады Лукашэнкам, а таксама ў дачыненні да незлічоных фактаў парушэння Канстытуцыі і законаў краіны, паведамляе «Белсат».

Грамадзяне ўспамінаюць пра бясспрэчныя, якія сталі вядомымі ўсяму свету шматлікія факты выкарыстання гвалту пры затрыманнях і катаваннях у дачыненні да тых, хто мірным шляхам дамагаецца сыходу ўлады, за якую не галасавалі.

Беларусы Нямеччыны заклікалі пасла Рэспублікі Беларусь падтрымаць патрабаванне беларускага народа аб вызваленні ўсіх палітычных зняволеных і правядзенні сумленных і празрыстых выбараў.

Беларусы, якія пражываюць у, бадай, самай уплывовай краіне Еўразвязу, і раней адсылалі пісьмовыя звароты і пэтыцыі ў амбасаду з заклікам, каб тыя сталі на бок беларускага народа. Створаныя да і пасля жнівеньскіх выбараў разнастайныя ініцыятывы спрабавалі наладзіць дыялог з пасольствам. Напрыклад, беларускае аб'яднанне Razam звярталася ў амбасаду РБ з просьбай аб сустрэчы, аднак атрымала адмову.

Наступныя звароты чальцоў аб'яднання і заклікі да амбасады выказаць сваю пазіцыю аб сітуацыі ў Беларусі былі праігнараваныя.

З 8 верасня кожны працоўны дзень з дапамогай арганізацыі актывістаў Тараса Сякеркі і Міхаіла Таубы перад будынкам афіцыйнага прадстаўніцтва Беларусі ў Федэратыўнай Рэспубліцы Нямеччына праходзяць акцыі і адзінкавыя пікеты, закліканыя звярнуць увагу беларускага прадстаўніцтва і мясцовай грамадскасці на вострую сітуацыю ў Беларусі.

Подпісы пад зваротам былі сабраныя на акцыях салідарнасці ў Дзюсельдорфе, Браўншвайгу, Бэрліне і Пацдаме, а таксама ў сеціве. Лісты былі дастаўленыя амбасадару 2, 3, 7 кастрычніка.

Апошнія навіны