BE RU EN

ЕЗ узмоцніць санкцыі, калі Лукашэнка не вызваліць палітвязняў

  • 9.10.2020, 7:33

Дыпламаты ЕЗ падрыхтавалі праект высноў аб сітуацыі ў Беларусі.

Дыпламаты ЕЗ падрыхтавалі праект высноў аб сітуацыі ў Беларусі, які павінен быць ухвалены на пасяджэнні Рады Еўразвязу 12 кастрычніка.

Пра гэта паведаміў брусэльскі карэспандэнт «Радыё Свабода»: Рыкард Юзвяк са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы ЕЗ.

Праект дакумента заклікае ўлады Беларусі:

Шукаць мірны і дэмакратычны шлях урэгулявання крызісу з дапамогай «інклюзіўнага нацыянальнага дыялогу»;

неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых, уключаючы палітычных зняволеных і работнікаў СМІ;

расследаваць ўсе парушэнні правоў чалавека і пакласці канец пераследам удзельнікаў дэмакратычнага руху і незалежных СМІ, а таксама грамадзянскай супольнасці.

Рада ЕЗ папярэджвае, што, калі Менск не прыслухаецца да заклікаў Брусэля, Еўразвяз:

перагледзіць спіс беларускіх чыноўнікаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі, у бок яго пашырэння;

прыме далейшыя абмежавальныя захады, у тым ліку ў дачыненні да бізнэсу і высокапастаўленых чыноўнікаў, уключна з Лукашэнкам;

абмяжуе кантакты з беларускімі ўладамі на цэнтральным узроўні (пры адначасовым павелічэнні падтрымкі ЕЗ для беларускага народа і грамадзянскай супольнасці).

Рада ЕЗ заяўляе аб сваёй гатоўнасці «значна актывізаваць» сваю палітычную актыўнасць, супрацоўніцтва і фінансавую дапамогу Беларусі пры ўмове «мірнага пераходу да дэмакратыі» ў Беларусі праз свабодныя і справядлівыя выбары. У гэтым выпадку Брусэль:

пачне перамовы аб рамачным пагаднення паміж ЕЗ і Беларуссю;

запусціць комплексны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, у тым ліку фінансавую і тэхнічную дапамогу для інстытуцыйных рэформаў і эканамічнага развіцця ў шматгадовых фінансавых рамках;

значна павялічыць аперацыі Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі;

падтрымае ўступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Апошнія навіны