BE RU EN

Зяленскі ў Лондане заклікаў даць Украіне план дзеянняў для сяброўства ў NATO

  • 8.10.2020, 18:31

Украіна актывізавала супрацоўніцтва з NATO ў 2014 годзе пасля анэксіі Крыма Расеяй.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам 8 кастрычніка ў Лондане заклікаў прадставіць Украіне план дзеянняў для сяброўства ў NATO. Пра гэта распавёў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба 8 кастрычніка ў сваёй жывой трансляцыі на старонцы ў Facebook.

«Асобна гаварылі пра NATO. Наш прэзідэнт быў вельмі выразным. Ён сказаў, што Украіне патрэбен план дзеянняў у сяброўстве, і што сяброўства ў NATO будзе спрыяць украінскай бяспецы і абароне», - адзначыў Кулеба.

Міністр дадаў, што аб гэтым ішла размова ў час нефармальнай гутаркі, калі абодва бакі называлі рэчы сваімі імёнамі.

Зяленскі сёння абмеркаваў з Джонсанам таксама паляпшэнне гандлю паміж краінамі, зрэшты, продаж украінскай сельгаспрадукцыі «прывабнымі коштамі».

Украіна актывізавала супрацоўніцтва з NATO ў 2014 годзе пасля анэксіі Крыма Расеяй і пачатку ўзброенага канфлікту на Данбасе. У канцы 2014 года Вярхоўная Рада прыняла закон, які прадугледжвае адмову Украіны ад палітыкі «пазаблокавасці». У адпаведнасці з Вайсковай дактрынай Украіны, прынятай у 2015 годзе, паглыбленне супрацоўніцтва з NATO і дасягненне да 2020 года поўнай сумяшчальнасці Узброеных сіл Украіны з войскамі краін - чальцоў NATO з'яўляецца прыярытэтнай задачай.

Украінскі парламент 7 лютага 2019 года прыняў закон аб унясенні ў Канстытуцыю палажэння аб стратэгічным курсе дзяржавы на набыццё паўнапраўнага сяброўства ў Еўрапейскім Звязе і NATO. Закон набыў моц 21 лютага.

У 2018 годзе NATO прызнала за Украінай статус краіны-аспіранта - кандыдата на сяброўства ў Альянсе, 12 чэрвеня 2020 года Украіна атрымала статус партнёра пашыраных магчымасцяў.

Украіна і Вялікая Брытанія вядуць вайсковае супрацоўніцтва з 2014 года. Вялікая Брытанія з гэтага часу надавала для патрэб УСУ вайсовую дапамогу. У жніўні 2020 года пасол Украіны ў Лондане Вадзім Прыстайка заявіў, што рыхтуецца буйны кантракт з Вялікай Брытаніяй не толькі на набыццё, але і на вытворчасць ва Украіне смяротных узбраенняў.

7 кастрычніка міністры абароны Украіны і Вялікай Брытаніі падпісалі мемарандум аб узмацненні супрацоўніцтва ў вайсковай і вайскова-тэхнічнай сферы. У гэтым дакуменце гаворка ідзе пра пастаўкі сучасных узораў вайсковай тэхнікі і найноўшага высокадакладнага ўзбраення, наладжванні вытворчасці асобных тыпаў вайсковай прадукцыі ва Украіне і будаўніцтве аб'ектаў базавання ВМС Украіны.

Апошнія навіны