BE RU EN

Баўгарыя адклікае амбасадара з Менску і заклікае да новых выбараў у Беларусі

  • 8.10.2020, 16:30

Cафія абяцае сачыць за сітуацыяй у нашай краіне.

У МЗС Баўгарыі паведамілі, што адклікаюць свайго пасла ў Беларусі на кансультацыі. Пра гэта паведаміла міністарка замежных спраў Кацярына Захарыева, якая ўдзельнічала ў сустрэчы GLOBSEC у Браціславе.

Падчас канферэнцыі міністр Захарыева сустрэлася са Святланай Ціханоўскай, паведамляе bnr.bg.

«Сёння наш амбасадар у Менску Георгій Васільеў уручыў ноту МЗС Беларусі з пастановай баўгарскага МЗС адклікаць яго на кансультацыі. Гэта знак салідарнасці з нашымі партнёрамі Польшчай і Літвой пасля таго, як Беларусь папрасіла іх скараціць склад місій абодвух бакоў, і яны адклікалі сваіх амбасадараў. Такія пастановы прынялі і іншыя краіны ЕЗ», - заявіла міністарка Захарыева.

Яна яшчэ раз заклікала ўлады Менска да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і ўсіх затрыманых падчас мірных пратэстаў, да хуткага і эфектыўнага расследавання выпадкаў гвалту ў міліцыі і да пачатку рэальнага нацыянальнага дыялогу з апазіцыяй, з канчатковай мэтай арганізацыі новых, свабодных і сумленных выбараў, у адпаведнасці з дэмакратычнымі патрабаваннямі беларускага народа.

«Дзяржавы ЕЗ павінны адназначна падтрымліваць беларускі народ і праяўляць з ім салідарнасць. Я буду па-ранейшаму цесна звязаная з падзеямі ў Беларусі і сачыць за тым, як там развіваецца сітуацыя», - падкрэсліла міністарка Захарыева.

Апошнія навіны