BE RU EN

Беларускія працоўныя масава выходзяць з лукашэнкаўскіх прафзвязаў

  • 8.10.2020, 13:22

Яны пераходзяць у незалежныя прафзвязы.

Супрацоўнікі Наваполацкага ААТ «Нафтан» прадаўжаюць пераходзіць у Беларускі незалежны прафзвяз.

– Пачынаючы з 17 жніўня, пасля выхаду працоўных да заводакіраўніцтва, да нас сталі прыходзіць людзі. За гэты перыяд у «першасную арганізацыю» ўступілі ўжо 330 чалавек. Часам за дзень прыходзяць дваццаць чалавек, – расказаў «Салідарнасці» сакратар-скарбнік першаснай арганізацыі БНП ААТ «Нафтан» Зміцер Кайро.

Супрацоўнікі прадпрыемства прызнаюцца, што пасля ўступлення ў Беларускі незалежны прафзвяз на многіх робіцца маральны ціск. У асабістых гутарках кіраўнікі намякаюць на праблемы, якія могуць узнікнуць на іспытах пры здачы на допуск і пры падаўжэнні кантракту.

Тым не менш, нягледзячы на прэсінг на месцах, у шэрагі незалежнага прафзвязу сталі пераходзіць не толькі нафтавікі.

– Заявы паступаюць кожны дзень, мы ўвесь час арганізуем на прадпрыемствах новых людзей, – адзначае старшыня БНП Максім Пазнякоў. – За час пасля выбараў больш за тысячу чалавек ўступілі ў БНП. Больш за 300 нафтавікоў, прыкладна столькі ж прыйшло ў Гародні з ААТ «Гродна Азот», блізу 200 чалавек з «Беларуськалія».

Першасная прафзвязная арганізацыя цяпер ствараецца ў Жлобіне (БМЗ). Там, паводле словаў прафзвязнага лідара, ужо ёсць 50 заяваў.

Настрой у працоўных цяпер розны. Вядома, што на ААТ «Нафтан» 3,5 тысячы чалавек напярэдадні падпісаліся пад зваротам пра непрызнанне вынікаў мінулых выбараў, адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і ЦВК.

Аднак, як стала вядомай крыніцам, на тых, хто падпісаўся, чыніцца ціск, частка працоўных адклікала подпісы.

– Каб абараніць гэтых людзей, была прынятая пастанова палічыць подпісы, задакументаваць іх колькасць і знішчыць. Застаўся пратакол падліку подпісаў, які адлюстроўвае пазіцыю людзей, – расказаў супрацоўнік прадпрыемства, які прасіў не называць ягонага імя. – Гэтая пазіцыя не змянілася, але ёсць тыя, хто прадаўжае дзейнічаць адкрыта, а ёсць людзі, якія падтрымліваюць толькі маральна, таму што адкрыта гэтага рабіць не могуць з шэрагу прычынаў.

У БНП мяркуюць, што дапамагчы выйсці з становішча можа ўсеагульная салідарнасць.

– Абарона людзей будзе залежаць ад іх салідарнасці і жадання абараняцца. Мы, у сваю чаргу, вядома, будзем дапамагаць. Наша задача іх аб'яднаць, даць інструмент у выглядзе прафзвязу і навучыць, як праз прафзвяз абараняць свае інтарэсы, – адзначыў старшыня БНП Максім Пазнякоў.

Ён расказаў, што БНП, нягледзячы на розныя перашкоды, прадаўжае пашырацца, таму што з'яўляецца адзінай альтэрнатывай дзяржаўным прафзвязам, якія страцілі давер.

– Вельмі складана цяпер рэгістраваць новыя першасныя арганізацыі. Проста цяпер у нас у працэсе рэгістрацыі яшчэ дзве «пяршоўкі» айцішнікаў. Намі выкананыя ўсе фармальнасці, пададзеныя ўсе неабходныя дакументы і ў рамках закону прычынаў адмовіць нам няма, – адзначае Максім Пазнякоў. – Людзі на прадпрыемствах сапраўды цалкам расчараваныя ў дзяржаўных прафзвязах, нарэшце ўсвядомілі іх нікчэмнасць і тое, што яны з'яўляюцца толькі прыдаткам дзяржавы, які кантралюе настрой у калектыве і не дае людзям самім змагацца за свае правы, адстойваць свае інтарэсы.

Несправядлівасць, якая адбылася з выбарамі, і той гвалт ускалыхнуў людзей.

– Яны абураныя, і самыя актыўныя цяпер займаюцца стварэннем на прадпрыемствах незалежных прафзвязаў, таму што ў асноўным людзі разумеюць: калі на працы будзе ўсё добра, то і ў жыцці ўсё будзе добра, – кажа Пазнякоў.

Апошнія навіны