BE RU EN

«Мы пражываем выдатны час, рэвалюцыя адбываецца ў свядомасці кожнага чалавека»

  • 8.10.2020, 15:45

Магутны зварот масажыста нацыянальнай каманды ў футболе Віктара Булата да спартоўцаў.

Масажыст Віктар Булат дзесяць гадоў адпрацаваў у трэнерска-адміністрацыйным штабе нацыянальнай каманды. У верасні ягоныя шляхі з нацыянальнай камандай разышліся. Пасля інтэрв'ю Tribuna.com, у якім Булат выказаў сваё меркаванне аб сітуацыі ў краіне, кіраўніцтва АБФФ наважыла адмовіцца ад ягоных паслуг.

Перад матчам плэй-оф чэмпіянату Еўропы журналіст tribuna.com Аляксандр Івулін сустрэўся з Віктарам, каб пагаварыць пра маўчанне футбалістаў, з'яўленне Міхаіла Мархеля на інаўгурацыі Лукашэнкі і пра тое, для каго ўсё ж гуляе нацыянальная каманда:

- Мы пражываем выдатны час. Я называю яго выдатным, бо цяпер адбываецца рэвалюцыя ў свядомасці кожнага чалавека, трансфармацыя яго як асобы, вызначэнне, хто ён ёсць і кім будзе. Але цяпер узнікае пытанне: чаму адны нешта робяць, удзельнічаюць у акцыях, выказваюць сваё меркаванне, а іншыя маўчаць? Бо цяпер і ў футбольнай, і ў хакейнай супольнасці кожны пытае сябе: маўчаць або выказваць сваё меркаванне.

Ведаеце, у чалавека ёсць два асноўныя інстынкты: інстынкт самазахавання і інстынкт захавання роду, які, як мне здаецца, стаіць вышэй. Дык што ж рухае людзьмі, як Алена Леўчанка і тысячамі іншых, якія ведаюць, што могуць пацярпець і нават загінуць? Гэтыя людзі не думаюць пра самазахаванне. Яны хочуць спыніць гвалт, хочуць дабра і любові да свайго народу. Гэтыя людзі выказваюць сваю пазіцыю мірнымі пратэстамі, застаючыся ў гармоніі са сваёй душой і пачуццямі. Думаю, яны вышэй за інстынкт самазахавання, бо ставяць на кон сваё здароўе, дабрабыт, рызыкуюць сем'ямі, атрымліваюць пагрозы, пазбаўляюцца працы і матэрыяльных выгод. Дзеля чаго многія ідуць на гэта? Гэтыя людзі не думаюць пра самазахаванне. Яны думаюць аб развіцці, застаюцца ў гармоніі са сваёй душой і сваімі пачуццямі. Я таксама іду такім шляхам. Гэта мая пазіцыя і вераснёвая, і цяперашняя. З часам яна толькі ўмацавалася.

Тыя людзі, якія рушаць у бок «самага малодшага» інстынкта - інстынкта самазахавання, берагуць дастатак і сваю працу. Яны баяцца страціць усё гэта, баяцца за сваё здароўе, за сваю будучыню. Гэта спыняе іх чалавечае і духоўнае развіццё. Такіх людзей можна прывесці на інаўгурацыю і прымусіць выкінуць з нацыянальных каманд сапраўдных патрыётаў і прафесіяналаў сваёй справы. Такія людзі ідуць на падставе таго, што ім кажуць іншыя, а не кіруюцца ўласнымі пачуццямі.

- Калі вы зразумелі, што хочаце ісці сваім шляхам?

- На першым зборы нацыянальнай каманды на матчы з Албаніяй і Казахстанам, калі выступіў са сваім інтэрв'ю. Я доўга пакутаваў праз тое, што ўсе маўчаць. Праз тое, што маўчыць каманда. Таму што для мяне ў гэты момант, калі вызначылася са сваёй пазіцыяй федэрацыя футбола, калі вызначыўся галоўны трэнер (не кажучы ўжо пра тых, хто стаіць вышэй), стала немагчымым заставацца ў спісе гэтых людзей. Я не хачу станавіцца іх памагатым і ўдзельнічаць ва ўсіх іх справах і пачынаннях. Я раблю тое, што падказваюць мне сэрца і душа, і не магу змірыцца з тым, што адбываецца ў краіне.

- Вы доўга думалі, перш чым публічна заявіць пра гэта?

- З сярэдзіны жніўня.

- Вам цяжка далася гэтая пастанова?

– Цяжка, бо гэта была першая заява ад прадстаўніка нацыянальнай каманды ў футболе. Я ўвесь час жыў з гэтай думкай. Толькі праца дазволіла справіцца з унутраным цяжарам. Штодзённыя трэніроўкі і гутаркі з хлопцамі, якія выказвалі пазіцыю, падобную да маёй, надавалі ўпэўненасці. Гэта дапамагала ўсвядоміць тое, што знаходжуся на правільным шляху і раблю гэта нездарма.

Апошнім часам задаю сабе адно пытанне і хачу задаць яго хлопцам з каманды. Як глядзець у вочы людзям, якія пацярпелі ў апошні час? Усё ж матчы нацыянальнай каманды – менавіта для іх. Як можна заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца? Гэта ж проста непавага да людзей. Для мяне гэта недапушчальна. Напэўна, таму мяне цяпер няма ў нацыянальнай камандзе. Але хочацца сказаць хлопцам, што трэба слухаць і чуць сябе. Кожнаму неабходна пачаць чуць сябе, паважаць сваё меркаванне і не баяцца яго агучваць. Калі гэтага не будзе, то і паважаць вас ніхто не будзе.

- Вам стала лягчэй, калі выказаліся публічна?

- Так, я хачу адзначыць важны момант. Калі вы скажаце тое, што думаеце, тое, што набалела, вы выйдзеце на новы ўзровень. Вы адкрыеце ў сабе такія рэчы, аб якіх нават не падазравалі. Вы зробіце вялікі крок да ўсведамлення сябе. І, ведаеце, калі хлопцы выйшлі на поле ў матчы з Албаніяй, гледзячы на іх гульню, мне ў галаву прыйшло слова «непрыкаяныя». У тым сэнсе, што яны ўнутрана не вызначыліся - за каго яны, з кім яны. У іх унутры заставалася неразвязаная праблема, якая і вылілася ў іх стан на полі. На мой погляд, тая гульня з Албаніяй была найгоршай у выкананні нацыянальнай каманды за апошнія дзесяць гадоў.

Ужо потым гэтая думка сфармавалася больш актыўна. У нас у распранальні загучалі словы: «Мы не быдла, мы не статак». Так, гучала менавіта гэтая песня. І я хачу, каб хлопцы не трымалі ўнутры сваю пазіцыю, а таксама яе агучылі. Таму што тое, што цяпер робіцца, – гэта найгоршы час для федэрацыі футбола. Я б не назваў гэта нулём, я мяркую, што ўся наша праца сыдзе ў мінус. Хоць гэта меркаванне суб'ектыўнае.

- Пасля таго інтэрв'ю ў вас была размова з Уладзімірам Базанавым або Юрыем Вяргейчыкам?

– Напэўна, у гэтым плане са мной бессэнсоўна размаўляць. Пасля таго інтэрв'ю ў мяне не было размоваў з кіраўніцтвам федэрацыі. Я проста дапрацаваў збор да канца. Калі сталі фармавацца спісы на кастрычніцкі збор нацыянальнай каманды, мне патэлефанавалі начальнік каманды і лекар, яны сказалі: «Мы за цябе змагаліся, але гэта ні да чаго не прывяло. Цябе ў спісах няма». Прычым, гэта пастанова была ніяк не аргументаваная. Там нейкая смешная была фармулёўка, што я нібыта ледзь не каранавірус занёс у каманду. Але я быў да гэтага гатовы яшчэ ў верасні.

- Няўжо за вас ніхто не заступіўся?

- Адміністрацыя і лекар каманды спрабавалі абараніць мяне, але ў іх нічога не выйшла. Пасля двое футбалістаў патэлефанавалі мне са словамі падтрымкі. Удзячны ім за гэта. Калі шчыра, удзячны і гэтай сітуацыі, бо яна выводзіць мяне на іншы ўзровень. Хачу, каб і хлопцы выйшлі на новы ўзровень. Калі браць нейкае пытанне пакут, то калі ў чалавека сфармавалася ідэя і воля...калі ўнутры яго ёсць нешта боскае і любоў, то нягоды не азлабляюць, а выводзяць на іншы ўзровень радасці, шчодрасці ды дабрыні. У той жа час калі чалавек унутрана слабы, у яго з'яўляецца нянавісць. Ён пачынае ламацца і губляе чалавечае аблічча. Напрыклад, калі я сышоў з БАТЭ, я заняўся новымі тэхнікамі масажу, вельмі шмат чаму навучыўся. Напраўду пераломны момант дае рост, а не знішчае. І я думаю, што будзе іншая нацыянальная каманда, будуць іншыя людзі вакол.

- Я чуў, што футбалісты нацыянальнай каманды збіраліся выступіць са зваротам супраць гвалту. Ён нават запісваўся, але так і не выйшаў…

- Я таксама пра гэта чуў, што зварот запісваўся. Да апошняга дня перад матчам супраць Албаніі я чакаў гэтага звароту. Калі б ён выйшаў, то маральна мне было б лягчэй.

- Асабіста мяне засмуціла, што на матч супраць Албаніі з белымі тэйпамі на запясцях выйшла ўсяго пяць-шэсць гульцоў нацыянальнай каманды…

- Я наогул здзівіўся, што каманда так мала зрабіла перад гэтай гульнёй. Я мярокую, што нацыянальная каманда краіны - гэта сіла. І менавіта яна павінна прадстаўляць сваю пазіцыю, а ўсё астатняе працаваць пад яе, а не наадварот.

- Як вы паставіліся да пастановы Іллі Шкурына не прыязджаць у нацыянальную каманду, пакуль у краіне будзе дзейнічаць рэжым Лукашэнкі?

- Гэты маладзён паступіў дальнабачна. Адчуванне, быццам ён нешта ведаў. Але асабіста мне не хацелася адразу кідаць хлопцаў, я разлічваў прайсці з імі пэўны шлях і думаў, што яны таксама пачнуць выказвацца. Але пакуль футбольная супольнасць маўчыць, спецыялісты будуць распавядаць аб тактыцы «Шахцёра» або берасцейскага «Дынама», выпускаючы пры гэтым самае галоўнае.

Разумееце, каб дзесьці перамагчы, трэба сфармаваць чалавека. А, каб нешта сфармаваць, трэба быць спачатку трэнерам. А калі ты і твае вучні маўчаць у такой сітуацыі, калі маўчаць нармальны чалавек не можа...немагчыма перамагаць і быць сапраўдным чалавекам, маючы слабасць духу.

З боку сітуацыя цяпер выглядае так, што да футбалістаў ставяцца як да дзяцей. Вось вам мяч, гуляйце, толькі ў палітыку не лезьце і не трэба думаць пра тое, што кагосьці катуюць або забіваюць, пагуляйце яшчэ. Рыхтуйцеся да Лігі Еўропы і не звяртайце ўвагу на тое, што адбываецца - гэта не ваша справа. І яны гуляюць як пяцігадовыя дзеці.

Пры гэтым у нацыянальнай камандзе мы размаўлялі на гэтую тэму, дзяліліся думкамі. Проста была такая «немата» ў публічнай прасторы, як быццам нехта адключыў орган прамовы, і людзі проста анямелі. Пры тым, што хлопцы ўсё адчувалі і ўсё разумелі. І мой пасыл - для чаго я, уласна, даю гэтае інтэрв'ю - для таго, каб футбалісты знайшлі сябе.

- Што павінна здарыцца, каб футбалісты загаварылі аб тым, што адбываецца ў краіне?

- Трэба вызваліцца ад залежнасці і страху. Тут усё проста, гэта перашкаджае чалавеку развівацца. Хлопцам трэба знайсці ў сабе сілы. Паглядзіце на тых жа студэнтаў, лекараў, шматдзетных маці, а ў панядзелак на вуліцы выйшлі нават бабулі...а дзе ж большасць спартоўцаў? Усё ж спорт павінен фармаваць прыгажосць і сілу духу. Але, здаецца, з сілай духу ёсць праблемы.

- Што на ваш погляд павінны былі зрабіць футбалісты нацыянальнай каманды, каб праявіць сілу духу?

– Абазначыць сваю пазіцыю. Запісаць хаця б тое ж самае відэа, у якім пазней паўдзельнічалі амаль сто беларускіх футбалістаў.

- Думаю, пасля гэтага на наступны матч нацыянальнай каманды сабраўся б аншлаг, а гульню супраць Грузіі глядзела б палова краіны…

– Напэўна. Але цяпер мяне хвалюе пытанне: для каго гуляюць гэтыя людзі? Хто будзе за іх заўзець?

- Але нам жа любяць паўтараць, што футбалісты гуляюць для народа…

- Напэўна, у галоўнага трэнера гэтай нацыянальнай каманды іншае паняцце народа. У нас і нашых апанентаў абсалютна розная праўда. Калі намаляваць тры дзявяткі, то мы бачым 999, а яны - 666. Мы прытрымліваемся законаў любові і праўды, яны - таго ж, але з прыстаўкай «не». Праўда, гэтыя людзі сапраўды гэтак жа ўпэўненыя ў сваёй праваце.

- Як вы адрэагавалі на з'яўленне Міхаіла Мархеля на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі?

- Цяпер склалася тая сітуацыя, калі нічому не трэба здзіўляцца. Наадварот, адразу зразумела, з кім маеш справу. Цяпер гэта ўжо пытанні да яго. Пытанні, за які народ ён гуляе. Уся сіла каманды і жыццё каманды - гэта нашы заўзятары, якія за нас моляцца, перажываюць, падтрымліваюць. І без гэтай усёй энэргіі каманда не будзе гуляць, яна застанецца без душы. І самае галоўнае цяпер, каб хлопцы захавалі сябе, бо страціць сябе - гэта самае найгоршае, што можа адбыцца.

- Вы верыце, што гульцы нацыянальнай каманды вас пачуюць?

- Верце ў святло і сыны святла будзеце. Я веру ў святло, у святло ў кожным чалавеку. У святло ў душы тых, з кім я ў гэтай камандзе працаваў доўгія гады. Магчыма, мае думкі стануць для кагосьці чырвонай лініяй, дапамогуць людзям вызначыцца і стануць штуршком. Птушка нараджаецца птушкай і застаецца птушкай усё жыццё, а чалавеку кожны дзень, кожную хвіліну трэба даводзіць, што ён чалавек. У цяперашніх абставінах гэта неабходна рабіць кожную секунду. Кагосьці гэта ламае, а кагосьці робіць мацнейшым.

Апошнія навіны