BE RU EN

Ці абрынецца беларускі рубель услед за расейскім?

  • 7.10.2020, 15:08

Чаму абрынуўся расейскі рубель і як гэта адаб'ецца на партманэтах беларусаў.

Мінулы тыдзень пачаўся з падзення расейскага рубля. У панядзелак, 28 верасня, курс даляра ў Расеі дасягнуў максімуму з канца сакавіка - 80 рублёў, еўра - 93 рублёў. Такога падзення рубля не было з 2016 года. Да 6 кастрычніка рубель крыху вярнуў пазіцыі, але ці надоўга?

Сайт kp.by спытаў у эканамічных экспэртаў, што адбываецца з расейскай валютай і як гэта адаб'ецца на беларускім рублі.

Чаму рубель імкліва патаннеў?

Экспэрты мяркуюць, што ў падзення рубля шмат фактараў, сярод якіх — карантын у суседзяў падчас каранавірусу, падзенне кошту нафты, магчымыя санкцыі ЗША праз атручванне Аляксея Навальнага і нават канфлікт Арменіі і Азербайджана ў Нагорным Карабаху. З улікам гэтых прычын, хутка курс расейскага рубля не адновіцца.

— Эканоміка Расеі цяпер знаходзіцца ў спячым стане, — кажа незалежны фінансавы дарадца Алена Максімовіч. - Падчас каранавірусу праца прадпрыемстваў спынілася, а грошы ў эканоміку ўліваліся, што пацягнула за сабой інфляцыйныя рызыкі. На ўзровень інфляцыі ўплываюць два фактары - аб'ём грашовай масы і хуткасць абарачэння грошай. Аб'ём грашовай масы павялічыўся, а вось хуткасць істотна знізілася праз карантынныя захады. Калі сцісла, то межы былі закрытыя, авіязлучэнні спынілася, попыт на паліва знізіўся, адпаведна, нафта патаннела, а рубель абясцэніўся. Але карантынныя захады - не адзіны фактар падзення курсу рубля. Калі санкцыі ЗША супраць Расеі будуць узмацняцца, то гэта абмяжуе прыток капіталу ў суседнюю краіну - і, адпаведна, курс рубля да даляра будзе слабець. Таксама ЕЗ запатрабаваў зрабіць больш жорсткімі санкцыі праз сітуацыю з Навальным і падтрымку РФ сітуацыі ў Беларусі. Санкцыі - гэта заўсёды дрэнна, бо яны блакуюць прыток замежнага капіталу ў краіну.

Старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іёсуб да ўказаных прычын адносіць і абвастрэнне супрацьстаяння паміж Азербайджанам і Арменіяй.

- З улікам таго, што Арменія, як і Расея, з'яўляецца сябрам АДКБ, гэта адбіваецца на Расеі і, адпаведна, цісне на рубель. Ніводзін з гэтых фактараў хутка не адбудзецца, можна чакаць далейшага зніжэння курсу расейскага рубля.

Ці падскочыць курс да 100 расейскіх рублёў за даляр?

Некаторыя фінансавыя экспэрты кажуць, што да канца года курс можа дайсці да адзнакі 100 рублёў за 1 даляр. Прагназаваць канкрэтныя лічбы складана, але эканамісты мяркуюць, што падзенне расейскага рубля да замежных валют, хутчэй за ўсё, прадоўжыцца. А той пацягне за сабой і беларускі рубель.

- Гістарычны максімум даляра знаходзіцца блізу 82 расейскіх рублёў. Тэарэтычна гэты максімум можа быць пераадолены, але прагноз аб 100 рублях за даляр мне здаецца залішне песімістычным і не вельмі рэалістычным — кажа Вадзім Іёсуб. - Ад цяперашняга ўзроўню да 100 рублёў трэба, каб курс вырас на 20% - гэта вельмі вялікае падзенне, і пералічаныя прычыны не з'яўляюцца дастатковымі падставамі для такога змяншэння.

Адно напэўна вядомае. Калі расейскі рубель абрынецца, ён дакладна пацягне за сабой і беларускі. Таму захоўваць свае зберажэнні ў рублях цяпер небяспечна, мяркуе Алена Максімовіч.

— Аб канкрэтных лічбах казаць складана, аднак пазітыўных фактараў для рубля няма, — кажа экспэртка. - Ніхто не ведае, да чаго прывядзе новая хваля COVID-19, а таксама якія канкрэтна будуць санкцыі. Чакаць, што даляр патаннее, перадумоў няма. Але магчымае падзенне расейскага рубля адназначна прывядзе да дэвальвацыі беларускага. Таму адзіная парада, якую можна цяпер даць насельніцтву, - захоўваць зберажэнні ў далярах ці еўрах. Так, курс даляра таксама слабее ў дачыненні да іншых валют, аднак курс расейскага, а за ім і беларускага рубля слабее ў разы мацней. Пры дэвальвацыі тыя, хто захоўвае зберажэнні ў рублях, стануць бяднейшымі. А моцная эканоміка толькі тады моцная, калі народ багаты.

Адносна добрая навіна: падзенне расейскага рубля наўрад ці прывядзе да імклівай дэвальвацыі беларускага на 30%, як гэта было ў 2014 годзе.

- Тады расейскі рубель падаў, а ў Беларусі ўтрымлівалі курс беларускага рубля да даляра, і ў выніку беларускі рубель моцна і неапраўдана ўмацаваўся да расейскага рубля,што скончылася 30% дэвальвацыяй. Цяпер сітуацыя іншая: штучна курс ніхто не стрымлівае. Як толькі расейскі рубель пачаў падаць, на нашых вачах на гэта адрэагаваў беларускі рубель. Адпаведна, ніякіх прычын для значнага падзення беларускага рубля на фоне змяншэння расейскага няма, — мяркуе Вадзім Іёсуб.

«Падзенне рубля да ўзроўню 100 рублёў за даляр вельмі малаімавернае»

Расейскія экспэрты таксама ўпэўненыя: далей падаць расейская валюта не будзе.

- Падзенне рубля да ўзроўню 100 рублёў за даляр магчымае ў выпадку ідэальнага шторму. Але гэта вельмі малаімаверна. Мы мяркуем, што ў IV квартале рубель будзе заставацца ў дыяпазоне ад 72 да 82 рублёў за даляр і ад 82 да 93 рублёў за еўра, — кажа Ганна Зайцава, вядучы аналітык аддзела інфармацыі ды аналізу сусветных рынкаў ГК «Фінам».

Тлумачэнне простае. Увесь магчымы негатыў у будучыні курс рубля ў сябе ўжо ўвабраў. І калі на гарызонце замаячыць пазітыў, гэта выльецца ва ўмацаванне расейскай валюты. Прынамсі, большасць экспэртаў прадказваюць, што ў найбліжэйшыя паўгода-год у рубля больш шанцаў падаражэць, чым патаннець.

- Мы не бачым фундаментальных фактараў для выхаду даляра вышэй за 80 рублёў і замацавання над гэтай адзнакай. У існыя каціроўкі рубля закладзены шырокі спектр рызык. Адсутнасць іх рэалізацыі надасць падтрымку нацыянальнай валюце і будзе спрыяць яе ўмацаванню — мяркуе Багдан Зварыч, галоўны аналітык «Промсувязьбанка».

Адзначым, што запас трываласці ў расейскай эканомікі нядрэнны. Вонкавая карпаратыўная запазычанасць скарацілася з 720 да 450 млрд даляраў. А міжнародныя рэзервы, наадварот, выраслі да 590 млрд даляраў. Гэта значыць, у выпадку чаго дзяржава зможа расплаціцца за свае пазыкі, і пазыкі буйных кампаній. Ды яшчэ і застанецца. Ёсць грошы, і каб падтрымаць курс нацыянальнай валюты: да канца года Цэнтральны банк РФ прадасць валюты на 185 млрд рублёў. І нават без гэтага аб'ём такіх аперацый складае прыкладна 2,5 млрд рублёў кожны дзень. Логіка простая: чым большая прапанова, тым ніжэйшы кошт.

Апошнія навіны