BE RU EN

Амерыканскія навукоўцы: Каранавірус можа распаўсюджвацца паветрана-кропельным шляхам

  • 6.10.2020, 19:35

Апублікаваныя рэкамендацыі.

Амерыканскія Цэнтры кантролю і прафілактыкі захворванняў (CDC) паведамілі, што вірус, які выклікае COVID-19, можа распаўсюджвацца, лунаючы ў паветры, часам гадзінамі.

Такім чынам яны прызналі асцярогі, якія выказваліся шматлікімі экспэртамі ў галіне аховы здароўя, што вірус можа распаўсюджвацца паветрана-кропельным шляхам, паведамляе «Голос Америки».

У рэкамендацыях CDC, апублікаваных у панядзелак, гаворыцца, што наяўныя сведчанні паказваюць на тое, што людзі з COVID-19, магчыма, заражалі іншых, якія знаходзіліся на адлегласці больш за два метры, калі знаходзіліся ў закрытых памяшканнях з дрэннай вентыляцыяй.

CDC паведамілі, што, на думку навукоўцаў, у такіх умовах канцэнтрацыя інфекцыйных дробных кропель і часціц, або аэразоляў, якія выпрацоўваюць хворыя COVID-19, становіцца досыць высокай для распаўсюджвання віруса.

Доўгі час CDC сцвярджалі, што вірус распаўсюджваецца праз маленькія кропелькі, якія пралятаюць па паветры і звычайна падаюць на зямлю, што і было пакладзена ў аснову правіла захавання сацыяльнага дыстанцыявання ў два метры.

Аэразольныя часціцы значна меншыя па памеры і могуць надоўга затрымлівацца ў паветры, як дым.

Хоць у CDC падкрэсліваюць, што перадача праз цесныя кантакты паміж людзьмі больш распаўсюджаная, група амерыканскіх навукоўцаў у асобным адкрытым лісце, апублікаваным у часопісе Science ў панядзелак, папярэдзіла, што аэразолі, якія захоўваюцца ў паветры, могуць быць галоўнай крыніцай перадачы COVID-19.

«Рэальнасць такая, што паветрана-кропельная перадача - гэта асноўны спосаб перадачы на блізкай адлегласці пры працяглым кантакце», - заявілі навукоўцы на прэс-канферэнцыі.

У аэразолі вірусы могуць знаходзіцца ў паветры ад некалькіх секунд да некалькіх гадзін, перамяшчацца на адлегласць больш за два метры і назапашвацца ў дрэнна вентыляваных памяшканнях, што можа прыводзіць да выпадкаў заражэння вялікай колькасці людзей, паведамілі даследнікі.

Некаторыя людзі з COVID-19 вылучаюць тысячы аэразольных часціц з вірусам і значна менш кропель пры дыханні і размове. Таму, навукоўцы настойваюць, што саноўную ўвагу неабходна надаваць абароне ад перадачы віруса паветрана-кропельным шляхам.

Яны таксама адзначылі, што органы аховы здароўя павінны праводзіць выразнае адрозненне паміж кроплямі, што выдзяляюцца пры кашлі і чханні, і аэразолямі, здольнымі пераносіць вірус на вялікія адлегласці.

У лісце гаворыцца, што органы аховы здароўя павінны падкрэсліваць важнасць пераносу мерапрыемстваў і работ на вольнае паветра і паляпшэння якасці паветра ў памяшканнях разам з нашэннем масак і сацыяльным дыстанцыяваннем.

Апошнія навіны