BE RU EN

Сума пенсій у Беларусі сёння меншая, чым дзесяць гадоў таму

  • 6.10.2020, 19:20

Пенсіянеры даведзеныя да стану галечы.

Удзельнікі маршу пенсіянераў, які прайшоў у Менску 5 кастрычніка, часцей за ўсё чулі ад сваіх апанентаў пытанне: «У вас што, пенсія маленькая?». Так, у звычайных пенсіянераў (не былых дзяржслужбоўцаў ці сілавікоў) пенсія меншая, чым у Польшчы і Літве. Яна нават меншая, чым у Беларусі дзесяць гадоў таму, калі браць у даляравым эквіваленце.

Як у Беларусі мянялася пенсія ў далярах

Са жніўня 2020 года сярэдняя сума прызначаных пенсій па ўзросце - 473,82 рубля. Калі перавесці ў даляры, пенсія цяпер меншая, чым год і нават дзесяць гадоў таму:

жнівень 2020 - 473,82 рубля - 180 даляраў

жнівень 2019 - 446,84 рубля - 217 даляраў

жнівень 2018 - 374,76 рубля - 187 даляраў

жнівень 2015 - 2 755 939 рублёў - 180 даляраў

жнівень 2010 - 555 017 рублёў - 186 даляраў

«У Беларусі сапраўды вельмі маленькая сума пенсіі, - адзначыў у каментары для Naviny.by эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін. - Трэба ўлічваць, што даляр таксама таннее, цэны ў далярах растуць. І прыбытак сумаю 186 даляраў у 2010 годзе і цяпер - гэта зусім розны ўзровень даходу, цяпер гэта значна больш нізкая пакупніцкая здольнасць. Пенсіянеры даведзеныя да стану галечы».

Адказваючы на пытанне, наколькі, на яго думку, існая сума пенсіі адпавядае магчымасцям беларускай эканомікі, Кавалкін сказаў, што гэта прадмет дыскусіі. «У краіне ёсць шмат катэгорый пенсіянераў - сілавікі, дзяржслужбоўцы, якія атрымліваюць у разы больш, чым сярэднестатыстычны пенсіянер», - адзначыў экспэрт.

«Звесткі па сілавіках закрытыя, гэта праблема, - адзначыў Кавалкін, - але людзі маюць знаёмых і могуць параўнаць лад жыцця адстаўнога вайскоўца і настаўніка. Людзі могуць зрабіць выснову пра прыярытэты дзяржавы».

Пенсія ў Беларусі і ў суседніх краінах

Сума пенсіі ў Беларусі асабліва засмучае ў параўнанні з краінамі, якія гэтак жа, як і мы, мелі савецкае мінулае і аднолькавыя стартавыя ўмовы на світанку суверэнітэту.

Украіна. Толькі ў гэтай краіне сума пенсіі меншая сярод нашых суседзяў, чым у Беларусі. Сярэдняя сума пенсійнай выплаты ва Украіне на 1 ліпеня склала 3393,54 грыўны - 119 даляраў. У сакавіку пенсіянеры, чыя пенсія менш за 5000 грыўняў, атрымалі дадатковую выплату ў 1000 грыўняў у якасці падтрымкі падчас пандэміі COVID-19.

Расея. Паводле звестак Расстата, за першы квартал 2020 года сярэдняя пенсія склала 14 924 рублі - прыкладна 190 даляраў. У Расеі сума пенсіі адрозніваецца па рэгіёнах. У Маскве ёсць істотныя даплаты, сума якіх залежыць ад таго, як доўга чалавек працаваў у сталіцы. Мінімальная пенсія ў Маскве складае 19 500 рублёў - 250 даляраў. Тым, у каго пенсія меншая, даплачваюць да гэтага мінімуму.

Літва. У Літве сярэдняя пенсія па старасці складае 377 еўраў - 442 даляры. У сувязі з пандэміяй COVID-19 пенсіянерам і інвалідам выплачваюць аднаразовую дапамогу сумаю 200 еўраў.

Польшча. У сакавіку сярэдняя выплачаная пенсія ў Польшчы склала 2477 злотых - 647 даляраў, а мінімальная - 1000 злотых (261 даляр).

Сярэдняя пенсія недацягвае да слоў узурпатара Лукашэнкі

Характэрна, што пенсія ў Беларусі не толькі падае ў даляравым эквіваленце, недацягвае да краін-суседак (за выключэннем Украіны), але і меншая, чым заяўляе Лукашэнка.

Узровень пенсій павінен у што б там ні стала быць не меншы за 40% ад сярэдняга заробку, заявіў Лукашэнка 25 жніўня.

Сёння сярэдняя пенсія (473,82 рубля) складае блізу 37% ад сярэдняга заробку (1276 рублёў у жніўні). Да таго ж, сума сярэдняй пенсіі па ўзросце для звычайнага работніка ўважаецца вельмі добрай - 473,82 рубля атрымліваюць людзі, якія зараблялі на працягу свайго працоўнага шляху заробак сумаю не ніжэй за сярэднюю па Беларусі. Аднак, паводле звестак Белстата, у Беларусі больш за 58% работнікаў атрымліваюць заробак сумаю да тысячы рублёў, у тым ліку больш за 18% - ад 600 да 800 рублёў. Гэтыя людзі ў выпадку, калі іх даход заўсёды быў такім невялікім, могуць разлічваць на вельмі невялікую пенсію, сума якой будзе ніжэй за сярэднюю.

Што б ні казаў Лукашэнка, краіне пагражае з'яўленне велізарнай колькасці бедных старых, і гэтую праблему трэба вырашаць. Аднак цяпер Лукашэнка не будзе ладзіць пенсійную рэформу. Нават у лепшыя часы ў гэтай сферы чыноўнікі дадумаліся толькі да павелічэння пенсійнага ўзросту і да аднамомантавага павелічэння перыяду страхавых выплат, што прывяло да сацыяльнай напружанасці. Многія людзі папросту страцілі права на працоўную пенсію.

Уладзімір Кавалкін кажа, што ў Лукашэнкі цяпер адна задача - утрымацца ва ўладзе. І гэта «ён робіць за кошт сілавікоў, ён прэзідэнт АМАПа». Дарэчы, супрацоўнікі міліцыі, як вядома, выходзяць на пенсію значна раней, чым звычайныя рабацягі. Шмат хто сыходзіць на «заслужаны адпачынак» нават не дасягнуўшы 50 гадоў, і з вельмі добрай пенсіяй.

Апошнія навіны