BE RU EN

Кіраўнік МЗС Украіны распавёў, якімі будуць санкцыі супраць кіраўнікоў Беларусі

  • 6.10.2020, 16:42

Кіеў цалкам падтрымлівае пазіцыю Брусэля.

Украіна гатовая далучыцца да еўрапейскіх санкцый супраць беларускага кіраўніцтва. Пра гэта міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба распавёў у інтэрв'ю BBC.

2 кастрычніка Еўразвяз увёў санкцыі супраць 40 прадстаўнікоў Беларусі - 28 сілавікоў і 12 чалавек, звязаных з Цэнтрвыбаркамам. Ім забаронены ўезд у краіны ЕЗ, а іх актывы павінны быць замарожаныя.

Кіраўнік украінскай дыпламатыі мяркуе, што Украіна павінна быць салідарнай з Еўразвязам у дачыненні да Беларусі, бо падтрымлівае прынцыпы ЕЗ.

З ягоных слоў, гаворка ідзе аб паслядоўнасці ў палітыцы і салідарнасці: «Украіна мяркуе, што ў гэтай сітуацыі важна дзейнічаць адзіным фронтам. Калі мы ўжо з'яўляемся краінай Захаду, калі мы падтрымліваем пазіцыю ЕЗ, то нам трэба дзейнічаць супольна з Еўрапейскім Звязам у гэтых пытаннях. Тут вельмі важнае пытанне салідарнасці».

Кулеба не бачыць падстаў разрываць дыпламатычныя стасцункі ці зніжаць дыпламатычнае прадстаўніцтва да ўзроўню часовага паверанага. «Але я бачу падставы, і вы ведаеце, што гэта афіцыйная пазіцыя Украіны, згарнуць афіцыйныя кантакты, пакінуўшы акно камунікацыі ў МЗС», - дадае міністр.

Апошнія навіны