BE RU EN

Агульнанацыянальны страйк абрыне рэжым Лукашэнкі цягам дзён ці тыдняў

  • 6.10.2020, 12:00

Узурпатара можа ўзяць пад арышт ягоная ўласная ахова.

Інтэрв'ю з эканамістам, экспертам у эканоміцы краінаў Усходняй Еўропы Янушам Удзенчакам (Janusz Wdzięczak) апублікавала Polskie Radio.

– На НПЗ у Мазыры і Наваполацку, заводах, якія вырабляюць колавыя цягачы і грузавыя аўтамабілі, заводзе ў вытворчасці калійных угнаенняў у Салігорску і на некаторых іншых найбуйнейшых беларускіх прадпрыемствах, якія выступаюць асновай эканомікі Беларусі, узмацняюцца пратэставыя настроі і ствараюцца страйкавыя камітэты. Агульнанацыянальны страйк пакуль не пачаўся, але, як паведамляюць прафзвязныя лідары, працоўныя запісваюцца ў незалежныя прафзвязы.

Лукашэнка, у сваю чаргу, палохае людзей (якія голасна заяўлялі пра сваю падтрымку Святланы Ціханоўскай), кажучы, што Захад зойме іхнюю нішу, а тады ім ужо не трэба будзе вяртацца на працу. Гэта, мабыць, не так, але многія маглі паверыць у ягоныя словы. Калі пачнецца агульнанацыянальны страйк, беларускі рэжым хутка абрынецца?

– Так, зразумела.

– Значыць, гэта эфектыўны механізм. Можа быць, менавіта таму Лукашэнка запалохвае працоўных, кажучы, што, калі яны пачнуць страйкаваць, Захад адбярэ ў іх рынкі, пачне пастаўляць сваю прадукцыю, а тады беларусы страцяць працу. Наколькі такое сцвярджэнне справядлівае? Ці такі сцэнар немагчымы, паколькі эканоміка працуе інакш?

– Гэта тыповая для Лукашэнкі выключна хлуслівая рыторыка. Добрая хлусня павінна заключаць у сабе хоць каліва праўды. Зразумела, калі ўсе прамысловыя прадпрыемствы Беларусі прыпыняць працу, пакупнікі знойдуць новых пастаўшчыкоў, шмат месяцаў іх тавараў ніхто чакаць не стане. Аднак перш, чым гэта здарыцца, агульнанацыянальны страйк дасягне сваёй мэты. Дзяржаўны бюджэт, а разам з ім Лукашэнка, дачакаюцца краху.

– Значыць, страйкоўцы паспеюць вярнуцца на свае рынкі. Эканамічны крах будзе нядоўгім?

– Так, бо ў Беларусі няма значных рэзерваў. Калі пачнецца агульнанацыянальны страйк, найбліжэйшы асяродак Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, ад яго адвернецца. Усю краіну ахопіць паралюш, не будзе сродкаў на выплату заробкаў сілавым структурам, супрацоўнікі АМАПу, якія збівалі дэманстрантаў, не атрымаюць заробкі. Думаю, Лукашэнку можа ўзяць пад арышт ягоная ўласная ахова. Аргумент пра страту рынкаў быў бы справядлівы, калі б гаворка ішла пра значна больш доўгі адрэзак часу, але агульнанацыянальны страйк паспее раней скінуць Лукашэнку з вяршыняў улады.

– Гэта пытанне тыдняў ці месяцаў?

– Залежыць, які маштаб набудзе забастоўка. Калі спыніцца ўся вытворчасць, усе прамысловыя прадпрыемствы, а таксама транспарт, спатрэбяцца дні або тыдні.

– Падзеі будуць развівацца імкліва?

– Агульнанацыянальны страйк пазбавіць Лукашэнку ўлады. Цяжка чакаць, што ён здолее якім-небудзь чынам супрацьстаяць такой маштабнай з'яве. АМАП не зможа прымусіць людзей працаваць.

– Акрамя таго, як нехта адзначаў, супрацоўнікі АМАПа не ўстануць самі за канвеер. Пры гэтым мы бачым, як актывізавалася прапаганда, нацэленая супраць страйкоўцаў. Прапагандысцкія тэзісы можна выявіць, напрыклад, у каментарах у сацыяльных сетках. У запісах розных троляў гучаць заклікі адмовіцца ад страйку. «Змагайцеся, бастуйце, а потым усе вашы заводы зачыняць», – пішуць яны. Гэта рыторыка Лукашэнкі.

– А таксама прадаўжэнне прапагандысцкіх традыцый Польскай Народнай Рэспублікі. Калі ішлі забастоўкі ў гарадах на балтыйскім узбярэжжы, у Верхняй Сілезіі, калі стваралася «Салідарнасць», польская камуністычная прапаганда расказвала, колькі аўтамабіляў, вагонаў, караблёў і гэтак далей недаатрымае ў выніку краіна. Камуністы імкнуліся паказаць грамадству, якую шкоду прыносяць забастоўкі. Цяпер мы бачым водгукі той агіднай прапаганды. Людзей, якія змагаюцца за свабоду, спрабуюць пераканаць, што яны шкодзяць сваёй уласнай краіне.

– Вядуць яе да пагібелі...

– Калі забастоўкі будуць насіць каротка- ці сярэднетэрміновы характар, нічога падобнага не адбудзецца. Наадварот, адхіленне Лукашэнкі ад улады і пачатак новага кіраўніцтва ў гісторыі Беларусі будуць спрыяць аздараўленню беларускай эканомікі. Дзякуючы рэформам яе прадукцыйнасць падвысіцца.

– Інтэрнэт-тролі малююць змрочныя сцэнары, прадказваючы, што новая ўлада можа закрыць многія заводы, як верфі ў Польшчы. Але ж калі прадпрыемства прыносіць прыбытак, яно будзе працаваць далей.

– Цяпер больш выгадна быць год беспрацоўным у Польшчы, чым працаўладкаваным працоўным у Беларусі.

– Таксама не адпавядае рэчаіснасці тэзіс, які абвяшчае, што калі Беларусь здабудзе суверэнітэт і ўкарэніць рынкавую эканоміку, прадпрыемствы аўтаматычна зачыняць. Маецца на ўвазе, што прыйдзе заходні капітал і ліквідуе ўсё, што добра працавала. Вядома, спатрэбяцца нейкія ахоўныя праграмы, але выкарыстанне рынкавых механізмаў прынясе перамены да лепшага, а не да горшага.

– Частка прадпрыемстваў прадоўжыць працу, частка зменіць профіль, частка зачыніцца, пры гэтым агульнаэканамічная сітуацыя ў Беларусі палепшыцца. У людзей з'явіцца магчымасць знайсці працу ў іншай сферы, перакваліфікавацца. Большасць беларусаў адчуе на сабе эканамічны ўздым. Ёсць такая фраза: «Капіталізм – гэта няроўнае размеркаванне дабротаў, а сацыялізм – роўнае размеркаванне галечы». Другая яе частка апісвае беларускія рэаліі.

– Так ці інакш, прадпрыемствы, якія прыносяць прыбытак, напэўна прадоўжаць працу.

– Менавіта так. Адначасова з'явіцца мноства новых. У Лодзі, адкуль я родам, ліквідавалі тэкстыльную прамысловасць. Аднак гэта не азначае, што цяпер там высокі ўзровень беспрацоўя: з'явіліся новыя фірмы.

– Беларусь зможа атрымаць высновы з памылак, якія ў працэсе трансфармацыі здзяйснялі іншыя краіны.

– Зразумела. Тым больш што ў Беларусі няма неабходнасці ўжываць шокавую тэрапію, змены можна ўкараняць паступова.

– Беларусы могуць убачыць, як выглядаюць вынікі пераўтварэнняў у Польшчы і іншых краінах.

– Вядома, бо з нейкай прычыны яны ездзяць працаваць да нас.

– Шанцы на поспех у іх вельмі вялікія, ужо цяпер вялікіх поспехаў дамагліся беларускія кампаніі з ІТ-галіны.

– У адукацыйнай мадэлі Беларусі робіцца вялікі ўпор на дакладныя навукі, таму ў беларусаў ёсць выдатныя праграмісты, інжынеры і нават шахматысты. Яны здолелі стварыць некалькі моцных марак на ІТ-рынку, назапасіць досвед, так што цяпер нішто не перашкаджае развівацца ў гэтым кірунку.

У Польшчы ІТ-галіна таксама моцная, напрыклад у сегменце кампутарных гульняў. Супрацоўніцтва з польскімі кампаніямі, падтрымка польскага капіталу – гэта перспектыўна. Цяпер займацца такімі ініцыятывамі складана праз нестабільнае становішча беларускага дыктатара і адсутнасць асноватворных грамадзянскіх свабодаў у ягонай краіне. ІТ-галіна магла б развівацца ў Беларусі больш актыўна.

Вялікія шанцы на развіццё ёсць таксама ў сектару вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Беларусы размяшчаюць у гэтай галіне ноу-хау, калі іх прадукцыя будзе інавацыйнай, яна стане запатрабаванай на фоне тэндэнцыі да павышэння прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі. Яны маглі б вырабляць, напрыклад, аўтаномныя трактары, якія працуюць без кіроўцы. Калі б Лукашэнка сышоў, у гэтай сферы магло б пачаць развівацца супрацоўніцтва.

– Вытворчасці калійных угнаенняў, сыравінная галіна таксама выглядаюць у гэтым плане перспектыўна. Што ёсць яшчэ?

– Турызм, агратурызм, гістарычны турызм. Палякі, літоўцы, жыхары заходніх краінаў з задавальненнем ездзяць у Беларусь. Гэта вельмі прыгожая краіна, прырода якой у адносна невялікай ступені пацярпела ад дзейнасці чалавека, напрыклад, там знаходзіцца шырокая тэрыторыя Белавежскай пушчы. Акрамя таго, у Беларусі добра развітыя транспартныя зносіны. Турызм мог бы дапамагчы ўмацаваць эканоміку. Пагражаючы закрыць межы, Лукашэнка, аднак, разбурае гэты патэнцыял. У такіх абставінах складана чакаць прыезду турыстаў.

– Якія яшчэ сферы эканомікі выглядаюць шматспадзеўнымі?

– Пералічваць можна было б доўга. Цяпер дастаткова аднаго моцнага цэнтра, вакол якога можа вырасці цэлая галіна. Вялікае значэнне маюць інфармацыйныя тэхналогіі, распрацоўкі, звязаныя са штучным інтэлектам. У кантэксце турызму можна ўспомніць, колькі здолеў зарабіць Львоў, прымаючы польскіх турыстаў. Цікава, ці могуць беларускія гарады займацца гэтым так паспяхова.

Апошнія навіны