BE RU EN

Агенцтва Standard & Poor's пацвердзіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі з негатыўным прагнозам

  • 5.10.2020, 21:06

Спад ВУП можа яшчэ больш паглыбіцца.

Рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings (Standard & Poor's) пацвердзіла доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі ў абавязаннях у замежнай і нацыянальнай валюце на ўзроўні «B» з негатыўным прагнозам, паведамляюць агенцтва і прэс-служба Мінфіна Беларусі, піша naviny.by.

Рэйтынгі Беларусі падтрымліваюцца палепшанай у апошнія гады макраэканамічнай палітыкай, пра што сведчыць прыхільнасць да рэжыму плавальнага абменнага курсу, больш жорсткая фіскальная палітыка і блізкая да мэтавага ўзроўню інфляцыя, прыводзіць Мінфін пазіцыю аналітыкаў агенцтва.

«Захаванне негатыўнага прагнозу адлюстроўвае рызыкі для стабільнасці фінансавай сістэмы, улічваючы нядаўні частковы адток дэпазітаў і павышаны попыт на замежную валюту», - гаворыцца ў паведамленні Мінфіна.

На думку аналітыкаў рэйтынгавага агенцтва, санкцыі, абвешчаныя ЕЗ, няўстойлівыя настроі ў дачыненні да рынкаў, якія развіваюцца і параўнальна слабыя эканамічныя паказчыкі, у тым ліку праз пандэмію COVID-19, адаб'юцца на доступе Беларусі да замежных рынкаў капіталу ў найбліжэйшыя месяцы.

Асацыіраваны дырэктар S & P Global Ratings (Standard & Poor`s) Максім Рыбнікаў раней у каментары БелаПАН адзначыў, што палітычныя падзеі ўзмацняюць эканамічныя рызыкі ў Беларусі і могуць прывесці да таго, што спад ВУП паглыбіцца.

«Улічваючы крохкі давер інвестараў да краін, якія развіваюцца сёлета на фоне пандэміі каранавіруса, вынікам можа стаць абмежаванне доступу Беларусі на міжнародныя фінансавыя рынкі», - сказаў Рыбнікаў. На фоне рэцэсіі, заявіў ён, прагназуецца пагаршэнне сітуацыі з дзяржфінансамі.

«Мы чакаем прыкметнага пагаршэння бюджэтных паказчыкаў Беларусі сёлета. На кансалідаванай аснове прафіцыт дзяржаўнага бюджэту склаў 2,5% ВУП у 2019 годзе, але ў 2020-м мы прагназуем ўжо дэфіцыт у аб'ёме 2,5% ВУП. Абумоўлены дэфіцыт будзе як ростам выдаткаў, так і падзеннем даходаў», - падкрэсліў Рыбнікаў.

Апошнія навіны