Прэс-сакратарка Белага дома заразілася каранавірусам
- 5.10.2020, 19:41
Кейлі Макінені адпраўляецца на карантын.
У прэс-сакратаркі Белага дома Кейлі Макінені ў панядзелак пацвердзілі каранавірус.
Пра гэта яна паведаміла ў заяве, якую размясціла ў сваім Twitter, піша «Европейская правда».
Макінені паведаміла, што па гэты дзень з чацвярга, калі каранавірус быў знойдзены ў памочніцы прэзідэнта Хоўп Хікс, штодня атрымлівала адмоўны вынік тэсту.
Яна адзначыла, што не мае сімптомаў захворвання, адправіцца на карантын і працягне «працаваць ад імя амерыканскага народа аддалена».
Як вядома, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп шпіталізаваны з каранавірусам у медыцынскі цэнтр. Імаверна яго могуць выпісаць ужо ў панядзелак.
Паводле звестак СМІ, Трамп запатрабаваў выпісаць яго са шпіталя, каб не выглядаць слабым.
Акрамя Трампа, цяпер вірус пацвердзілі таксама ў яго жонкі Меланіі, кіраўніка перадвыбарчай кампаніі Біла Стэпіена, некалькіх сенатараў і шэрагу іншых людзей з блізкага атачэння амерыканскага прэзідэнта.
У дачкі Іванкі Трамп, кіраўніка апарата Белага дома Медоўза і віцэ-прэзідэнта Майка Пенса тэст быў адмоўным.