Максім Кац: Гэта перамога!
- 5.10.2020, 12:30
Людзі ў Беларусі сёння гатовыя выходзіць раз за разам, не чакаючы нейкай новага нагоды.
Расейскі блогер Максім Кац прааналізаваў пратэстны рух у Беларусі і адзначыў, што 50 дзён пратэстаў сталі перамогай над бяздзейнасцю і страхам, піша «Салiдарнасць».
- Прапагандысты і песімісты могуць казаць, што гэта параза, усё дарма, пратэст зліты, але напраўду, 50 дзён пратэсту - гэта перамога. Так, пакуль не над дыктатурай, якая стваралася 26 гадоў. Але гэтая перамога над апатыяй, над бяздзейнасцю і над страхам.
50 дзён пратэсту - гэта дэманстрацыя яго ўстойлівасці. Сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцу не адзін раз на эмоцыях па гарачых слядах пасля выбараў. Людзі ў Беларусі сёння гатовыя выходзіць раз за разам, не чакаючы нейкай новай падставы, лідара ці чагосьці яшчэ, - адзначыў Максім Кац.
Ён канстатуе, што ўлада была не здольная перамагчы пратэстную актыўнасць народа гвалтам.
- Калі ўсё грамадства ўдзельнічае ў пратэстах, то затрыманні не здольныя іх спыніць. Наадварот, гвалт сілавікоў толькі яшчэ больш злуе людзей і яны далучаюцца да мірных мітынгаў.
Празмерны неадэкватны гвалт не палохае, а толькі антаганізуе беларусаў. У выніку такі гвалт - дадаткова пазбаўляе ўладу легітымнасці, бо Аляксандр Лукашэнка і створаная ім сістэма больш не здольныя гарантаваць бяспеку і парадак у Беларусі, - мяркуе расейскі блогер.
Ён распавёў, чаму абліччам беларускіх пратэстаў сталі паспяховыя прадстаўнікі «сярэдняга класа».
- Паспяховыя людзі, якія змаглі добра наладзіць сваё жыццё, хочуць таксама стварыць краіну. Самі пратэстоўцы выдатна ведаюць, іх поспехі - гэта іх уласная заслуга, вынік упартай працы. І зараз яны таксама ўпарта выходзяць на пратэсты, каб добра было не толькі ў іх дома, але і ў краіне ў цэлым, - адзначыў Максім Кац.
Ён падкрэсліў, што для сённяшняй Беларусі не атрымала ніякага эфекту спроба беларускіх уладаў прыбраць лідараў
- Таму што ў пратэстаў папросту няма лідара. Людзі выходзяць тады, калі лічаць важным самі. Няма нікога, хто мог бы загадаць сёння пратэстоўцам у Беларусі выйсці ці не выходзіць. Калі Святлану Ціханоўскую прымусілі перад ад'ездам запісаць зварот з заклікам не выходзіць на вуліцы, гэта не паўплывала ні на што.
Аснова пратэсту - гэта імкненне тысяч і тысяч беларусаў да перамен і прапускныя магутнасці ізалятараў не могуць гэта спыніць. Як і рэпрэсіі ад паўтары тысячы амапаўцаў.
Ні затрыманнямі, ні выправаджваннем незадаволеных беларусаў пратэст заглушыць не атрымацца. І стратэгічна такі пратэст не можа саступіць, - упэўнены блогер.