BE RU EN

75-гадовая кандыдатка навук: Разважыла - буду хадзіць на акцыі заўсёды, пакуль трымаюся на нагах

  • 5.10.2020, 11:31

Іраіда Міско з Жодзіна выходзіць на пратэсты з нацыянальным сцягам.

Тры пратаколы аб удзеле ў масавых мерапрыемствах 75-гадовай кандыдатцы навук Іраідзе Міско былі прадстаўленыя ў Жодзінскі гарадскі суд міліцыянтамі, піша ex-press.by.

На першае пасяджанне суда яны не з'явіліся самі. У мінулую пятніцу, 2 кастрычніка, адбылося новае пасяджэнне. Гэтым разам сведак абвінавачвання на патрабаванне Іраіды Васільеўны абавязалі прысутнічаць на працэсе.

Інтарэсы абвінавачванай прадстаўляла адвакатка Марыя Калесава-Гудзіліна. Хадайніцтва Міско пра тое, каб працэс праходзіў на беларускай мове, суддзя Грынкевіч задаволіў: у нашай краіне дзве афіцыйныя мовы. У працэсе абвінавачаная і ейная адвакака размаўлялі па-беларуску.

Вось што сказала 75-гадовая кандыдат навук Іраіда Міско на судзе:

— Мне цяжка хадзіць, таму выклікаю з дома таксоўку, прыязджаю да крамы «ГРЫН», разгортваю свой сцяг і трымаю яго. Вітаюся з міліцыяй. Яны спачатку пры сустрэчы маўчалі, а зараз адказваюць. Я стаю са сцягам — транспарантаў у мяне няма, заклікаў няма. Падыходзяць да мяне людзі, размаўляюць, мы абдымаемся. Я чую шмат добрых слоў падзякі. Я пытаюся: «За што вы мне дзякуеце?» А мне кажуць: «За тое, што вы ёсць». Вельмі добрая атмасфера, я шчаслівая.

Я так набіраюся энэргіі, што пехам іду дамоў са сцягам. Людзі сігналяць, вітаюць мяне, кажуць: «Жыве Беларусь!». Маё шчасце, што ў маёй краіне так багата людзей, якія мяне з бел-чырвона-белым сцягам падтрымліваюць.

Дагэтуль я не хадзіла. А калі паглядзела сустрэчу з мэрам, які абяцаў, што людзі могуць спакойна збірацца — гэта было пасля таго, як сілавікі пускалі кроў нашым гараджанам, мне расказалі, што міліцыя была залітая крывёй — тады я наважылася пайсці першы раз у якасці пратэсту. Так не павінна быць!

Я хаджу ў розныя часы, я прыязджаю, людзі збіраюцца вакол мяне. Мой паход кожную нядзелю — гэта выклік нашай міліцыі таксама. 30 жніўня ля крамы было шмат людзей. Я стаяла са сцягам і бачыла, як натоўп у чорным адзенні, без апазнавальных знакаў, кінуўся на людзей. Яны схапiлі мужчыну, душылі яго. Адзін з іх правай рукой моцна стукнуў мяне, я павалілася на асфальт. Людзі крычалі, выцягнулі мяне з-пад ног гэтых бандытаў, пасадзілі на лавачку, палівалі вадой. Выклікалі хуткую дапамогу. Хацелі завезці ў лякарню, але я адмовілася, а знаёмыя давезлі мяне да дому. Чаму ж няма пратакола пра гэта?

Пасля 30 жніўня я разважыла — буду хадзіць заўсёды, пакуль буду трымацца на нагах, і буду стаяць там са сцягам, колькі хачу. Ёсць там людзі, няма там людзей, мне ўсё адно! Калі мяне будуць караць штрафамі. Ведаеце, я хрысціянка, і я не буду ўтрымліваць бандытаў. Яны маюць патрэбу ў маіх грошах, ў грошах людзей. Думаеце, людзі не ведаюць, што яны так сабе на прэміі зарабляюць? Калі б хоць адзін супрацоўнік да мне падышоў, я б растлумачыла: сцяг, які я трымала ў руках — гістарычны, па-першае. А па-другое — гэта сімвал Езуса Хрыста, які прызнае ўвесь хрысціянскі свет. Гэта святы сімвал, і калі іду са сцягам, я адчуваю сілу…

На пытанні суда, адваката і абвінавачванай адказвалі сведкі - супрацоўнікі Жодзінскага ГАЎС, чые подпісы стаяць на рапартах і пратаколах ў дачыненні да Міско. Як высветлілася, супрацоўнікі аддзялення аховы грамадскага правапарадку лейтэнант Яўген Вайніловіч, намеснік начальніка гэтага аддзялення капітан міліцыі Зоя Кукушкіна, начальнік інспекцыі ў справах непаўналетніх маёр Дзмітрый Кракаўскі ніколі не камунікавалі з Іраідай Васільеўнай.

Таксама ў пратаколах былі выяўленыя множныя недакладнасці і памылкі, у адным з іх было пазначана, што ў Іраіда Васільеўна Міско мае сярэднюю адукацыю. Суд адправіў справу кандыдаткі навук на дапрацоўку.

Апошнія навіны