BE RU EN

«Хопіць карміць кабінетных дармаедаў»

  • 5.10.2020, 15:45

Супрацоўнікі МТЗ заклікалі выходзіць з лукашэнкаўскіх прафзвязаў.

Як паведамляе Telegram-канал «Хартыя-97», супрацоўнікі Менскага трактарнага завода заклікалі да выхаду з праўладных прафзвязаў. «Аб'ядноўвайцеся на базе незалежных прафзвязаў. Салідарнасць – мацнейшая за рэпрэсіі», – гаворыцца ў заяве.

Некаторыя супрацоўнікі Трактарнага завода выйшлі з дзяржаўнага прафзвязу і ўступілі ў незалежны прафзвяз РЭП. Яны кажуць, што ў апошні час людзі сталі далучацца да незалежнага прафзвязу больш актыўна.

– У жніўні на заводзе працавала 7 чалавек, якія знаходзяцца ў РЭП, – расказваюць працаўнікі. – Калі стваралі першасную арганізацыю незалежнага прафзвязу, было ўжо амаль 2 дзясяткі чалавек. На апошнім сходзе было больш за 50, а на гэты момант нас блізу 100.

У сваім відэазвароце супрацоўнікі МТЗ кажуць, што людзі даўно перасталі задумвацца, «для чаго нам прафзвяз і якую дапамогу ён павінен рабіць працаўнікам». Кожны месяц чальцы прафзвязу аддаюць туды частку свайго заробку. Так, за год дзяржаўныя прафзвязы збіраюць немалыя сумы.

"І за нашы грошы гэтыя прафзвязы на нас ціснуць. А яшчэ іх дзеячы ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў. Хопіць карміць гэтых "кабінетных дармаедаў". Мы – супрацоўнікі МТЗ, заклікаем пісаць заявы і выходзіць з дзяржаўных прафзвязаў і разам з гэтым уступаць у незалежныя прафзвязы. Менавіта незалежныя прафзвязы адстойваюць правы наёмных супрацоўнікаў. Парушэнні заканадаўства, вытворчыя траўмы, спробы прадпрыемстваў павесіць страты на супрацоўнікаў, пагрозы кіраўніцтва прадпрыемстваў звальненнем. З гэтым усім эфектыўна змагаюцца незалежныя прафзвязы, адстойваючы правы простых працоўных у судзе. Яднайцеся на базе незалежных прафзвязаў і памятайце: салідарнасць – мацнейшая за рэпрэсіі», – гаворыцца ў звароце завадчанаў.

Апошнія навіны