BE RU EN

Святлана Алексіевіч выказалася за больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

  • 4.10.2020, 11:39

Нобелеўская лаўрэатка таксама дапусціла, што пасля паездкі ў Еўропу яе не ўпусцяць у Беларусь.

Святлана Алексіевіч асцерагаецца, што пасля паездкі ў Еўропу не зможа вярнуцца ў Беларусь, і выказалася за больш жорсткія санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў. Пра гэта беларуская пісьменніца заявіла на прэс-канферэнцыі фестывалю Taormina Book.

Святлана Алексіевіч у гэтыя выхадныя знаходзіцца ў горадзе Таарміна (Італія) на фестывалі Taormina Book, дзе ёй уручылі прэмію Taormina Award for Literary Excellence. Перад удзелам у фестывалі пісьменніца пагутарыла з мясцовай прэсай.

На пытанне, ці вернецца яна пасля наведвання Еўропы ў Беларусь, Алексіевіч заявіла, што не плануе заставацца ў эміграцыі. Пасля ўдзелу ў фестывалі на Сіцыліі і наведвання лекара ў Берліне яна збіраецца вярнуцца ў Беларусь. Але ў самой пісьменніцы і яе атачэння ёсць сумненні ў тым, што яе пусцяць у краіну. Святлана Алексіевіч прызналася, што не адчувае сябе ў бяспецы, таму што ўсе яе аднадумцы знаходзяцца ў зняволенні або ў вымушанай эміграцыі. Хутчэй за ўсё, літаратарка мае на ўвазе прэзідыум Каардынацыйнай рады, сябрам якога яна з'яўляецца.

– Улада ўжо прадпрымала спробу арыштаваць мяне. І яна б рана ці позна гэта зрабіла. Гэта вар'яцкі стан, калі ты разумееш, што цябе могуць арыштаваць. Ніхто з нас яшчэ нядаўна не мог у гэта паверыць, – заявіла пісьменніца. Пры гэтым яна верыць, што ў некаторай ступені яе абараняе становішча нобелеўскай лаўрэаткі.

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі выказалася пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Пісьменніца падкрэсліла, што беларусы, якія выходзяць на маршы, хочуць жыць так, «як жывуць свабодныя людзі».

– Я гляджу ў твар сённяшняй моладзі, якой шмат на маршах свабоды, і ўспамінаю дзевяностыя гады. Тады на плошчы выходзілі мы і крычалі «Свабоду! Свабоду!». Але мы не ведалі, што гэта такое. У нас было толькі кніжнае, рамантычнае ўяўленне пра свабоду. Мы думалі, што свабода недзе там за вуглом, але потым усвядомілі, што шлях да свабоды доўгі і цяжкі, – перадае словы Алексіевіч Corriere della Sera.

З адсылкай да назвы адной са сваіх кніг «У вайны не жаночае аблічча» пісьменніца кажа, што «рэвалюцыя ў Беларусі якраз мае жаночае аблічча». На першай лініі ў шматтысячных маршах стаяць жанчыны, тым самым паказваюць сваю сілу і тое, што ў адказ на арышты сваіх мужчынаў яны могуць перавярнуць патрыярхальнае грамадства.

Нобелеўская лаўрэатка таксама выказалася за ўвядзенне больш жорсткіх санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў. Беларусь у перыяд палітычнага крызісу апынулася адна, мяркуе яна. Верагодна таму, што «паміж Еўропай і Расеяй ёсць сакрэтная дамова, што Беларусь – гэта зона інтарэсаў Расеі».

Апошнія навіны