BE RU EN

Перавознік: Многім грузавікам з Літвы і Польшчы даводзіцца аб'язджаць Беларусь

  • 4.10.2020, 10:17

Фінансавыя страты ад транзіту занадта вялікія.

У сярэдзіне верасня Лукашэнка заявіў пра «закрыццё мяжы» з захаду, што азначала ахову мяжы ва ўзмоцненым варыянце. Аднак для многіх перавознікаў паняцце «закрытая краіна» набывае цалкам літаральнае значэнне. Паводле словаў аднаго з бізнэсмэнаў, праз поўны надгляд польскіх і літоўскіх фураў страчваецца столькі грошай, што прасцей ехаць у аб'езд Беларусі.

«У гэтыя дні грузавікі з Польшчы і Літвы на мяжы з Беларуссю мытнікі адпраўляюць на поўны дэталёвы дагляд, – расказаў Onliner Раман, прадстаўнік адной з фірмаў – рэзідэнтаў РБ. – З гэтай практыкай мы сутыкнуліся ўчора, нашы кіроўцы стаяць на мяжы ў чаканні надгляду ўжо суткі. Пры гэтым фуры з Нямеччыны ці Чэхіі праязджаюць свабодна, іх прапускаюць, як і раней. Для нас гэта немалыя страты і акрамя штрафных санкцый за затрымку дастаўкі грузу. Рэч у тым, што сам дагляд таксама каштуе грошай: тавар трэба выгрузіць, загрузіць назад – за ўсё гэта патрабуюць плату. Бясспрэчна, мытня мае права патрабаваць паказаць груз для надгляду, аднак раней такой частай, калі не сказаць паўсюднай практыкі не было. Мы ўсур'ёз задумваемся аб'язджаць краіну, як ужо зрабілі некаторыя іншыя кампаніі».

Тое, што Беларусь апошнім часам зрабіла больш жорсткімі патрабаванні да працы літоўскіх аўтаперавознікаў, канстатуе і прэзідэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозак Linava. «Частку плыні грузаў перавознікі стараюцца накіроўваць праз латвійска-расейскую мяжу, у аб'езд Беларусі, – расказалі прадстаўнікі ўправы асацыяцыі ў інтэрв'ю Delfi. – Праца на мяжы стабілізавалася, аўтамабілі правяраюцца на мяжы і едуць далей, але на ўнутраную мытню іх ужо не накіроўваюць. Частка перавознікаў стараецца накіроўваць грузавікі праз мяжу Латвіі і Расеі, у аб'езд Беларусі. Аднак у такім выпадку пачынаюцца заторы на мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю». У той самы час, як піша выданне, кіраўнік аддзела прэвенцыі службы аховы дзяржмяжы Літвы Гедрус Мішуціс у чацвер заявіў, што сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы цяпер звычайная.

Апошнія навіны