BE RU EN

Украінскі танкіст, які правёў пяць гадоў у засценках «ДНР», вярнуўся на фронт

  • 3.10.2020, 21:19

Багдан Панцюшэнка служыць у тым жа падраздзяленні, што і да палону.

Украінскі танкіст, былы закладнік тэрарыстычнай групоўкі "ДНР" Багдан Панцюшэнка зноў пайшоў на фронт, служыць у тым жа падраздзяленні, што і да палону. Пра гэта ён 3 кастрычніка напісаў у Facebook.

"Увогуле, усё нядрэнна. Пра баявую падрыхтоўку можна сказаць коратка: атрымліваем загад – ...бошым па ворагах. Тэхніка, вядома, не самыя новыя ўзоры, але спраўная і гатовая да ўжывання, праблемаў з боекамплектам і паліўна-змазачнымі матэрыяламі не назіраецца, людзі падрыхтаваныя", – паведаміў вайсковец.

Пры гэтым у частцы ёсць праблемы з патрыятычным выхаваннем, што збольшага звязана з нетрывалым прыёмам украінскай тэлевізіі, адзначыў Панцюшэнка.

"Вайскоўцы недастаткова арыентуюцца ў палітычнай сітуацыі ва Украіне і свеце, так што не ў стане аб'ектыўна адрозніць сваіх ад ворагаў. Многія хлопцы з Луганскай, Данецкай і іншых паўднёва-ўсходніх абласцей, і я прыемна здзіўлены, што яны ўкраінскамоўныя. Слухаюць пераважна расейскіх выканаўцаў, бо альтэрнатывы ў гэтых рэгіёнах проста няма", – расказаў ён.

Камандзір танка Панцюшэнка ўтрымліваўся баевікамі з 18 студзеня 2015 года. Яго захапілі падчас аперацыі ля сяла Спартак у раёне данецкага аэрапорта.

Баевікі асудзілі Панцюшэнку паводле артыкулаў "праходжанне навучання ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці", "гвалтоўны захоп улады" і "дыверсія". У "генпракуратуры ДНР" сцвярджалі, што ён падарваў мост на аўтадарозе Данецк – Аўдзееўка, "чым разбурыў важны аб'ект транспартнай інфраструктуры".

29 снежня 2019 года адбыўся абмен утрыманымі асобамі паміж Украінай і акупаванымі раёнамі Данбаса. Паводле звестак Службы бяспекі Украіны, з непадкантрольных тэрыторый вярнуліся 76 украінцаў, сярод іх быў Панцюшэнка.

Апошнія навіны