BE RU EN

Памёр збіты на Акрэсціна мужчына

  • 3.10.2020, 16:05

Лекарам мужчына паспеў паведаміць, што яго збілі супрацоўнікі міліцыі.

Дзяніс Кузняцоў, збіты на Акрэсціна, памёр сёння ў машыне хуткай дапамогі. Мужчына паступіў 29 верасня з множнымі траўмамі. Ягоная жонка паведаміла «Белсату» пра смерць мужчыны.

Дзяніс Кузняцоў атрымаў пераломы костак чэрапа, шматлікія гематомы, адкрытую чэрапна-мазгавую траўму сярэдняй ступені, пераломы рэбраў, пералом правай падуздышнай косткі ды іншыя траўмы. Да апошняга моманту ён знаходзіўся ў рэанімацыі без прытомнасці.

«Учора яму зрабілі трэцюю аперацыю. Трымаўся на апараце, у цяжкім стане. Лекары не далі ніякіх прагнозаў. Ён не канфліктны чалавек. Мы не можам зразумець, як ён трапіў на Акрэсціна. Мы не ведаем абставінаў. Ён пайшоў на працу, сказаў, што будзе праз дзень. Ён працаваў па розных заказах, але афіцыйна не працаваў», - распавяла жонка загінулага.

Мужчына, са слоў жонкі, на акцыі не хадзіў, жыў сваім жыццём.

«Звычайна муж выязджае на працу на некалькі дзён. Мы ведалі, што яго не будзе. Але нават уявіць не маглі, што з ім можа здарыцца. Нам толькі што патэлефанавалі з лякарні. Мы не ведаем, як і хто яго біў. Там нам сказалі, што яму ўдалося расказаць лекарам, што яго збілі супрацоўнікі міліцыі», - кажа жонка Дзяніса Кузняцова.

Брат загінулага Дзяніса Кузняцова - Павел распавёў, што яму невядома, ці ўдзельнічаў ягоны брат у акцыях пратэсту і як ён трапіў на Акрэсціна. Лекары толькі сказалі Паўлу, што пры паступленні ў СІЗА ім сказалі, што мужчына нібыта ўпаў з другога яруса койкі.

Апошнія навіны