BE RU EN

МЗС Польшчы: План дапамогі Беларусі - поспех польскай дыпламатыі

  • 3.10.2020, 14:53

Пакет дапамогі з'яўляецца адказам на эканамічны крызіс, з якім Беларусь змагаецца.

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач заявіў, што план дапамогі Беларусі - гэта поспех польскай дыпламатыі. Пра гэта паведамляе «Польскае радыё».

Нагадаем, на саміце ў Брусэлі Еўразвяз прыняў план дапамогі Беларусі, падрыхтаваны прэм'ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.

Марцін Пшыдач сказаў, што пакет дапамогі з'яўляецца адказам на эканамічны крызіс, з якім змагаецца Беларусь:

- У план уваходзіць шэраг пунктаў. Па-першае, пакет фінансавай стабілізацыі, падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў, лібералізацыя візавага рэжыму для беларусаў, каб яны маглі бачыць, як развіваюцца іншыя еўрапейскія краіны. І, нарэшце, пакет падтрымкі інфраструктуры.

Палітык нагадаў, што Еўразвяз таксама ўвёў санкцыі супраць 40 прадстаўнікоў беларускіх уладаў:

- З дапамогай пазітыўнай эканамічнай праграмы мы хочам наблізіць Беларусь да Еўропы. Санкцыі - асабістыя абмежаванні ў дачыненні да канкрэтных асоб, адказных за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека. Гэтыя людзі не змогуць уехаць на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу, а іх фінансавыя актывы ў ЕЗ будуць замарожаныя.

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы дадаў, што ў выпадку эскалацыі канфлікту ў Беларусі Польшча паспрабуе пашырыць санкцыі ЕЗ.

Апошнія навіны