BE RU EN

Прапагандысты ў РФ адмовіліся прышчапляцца ад COVID-19 расейскай вакцынай

  • 3.10.2020, 13:08

Як жа так?

У Расеі супрацоўнікам агенцтва РІА «Новости» і холдынгу ВГТРК прапанавалі бясплатна прышчапіцца ад каранавіруса расейскай вакцынай «Спутник V» па-за рамкамі клінічных выпрабаванняў, аднак большасць журналістаў адмовіліся ад вакцынацыі. Пра гэта са спасылкай на агенцтва Reuters і яго крыніцы паведамляе тэлеканал «Дождь».

Адзначаецца, што журналістам прапанавалі прышчапіцца добраахвотна.

Двое супрацоўнікаў РІА «Новости» распавялі, што большасць іх калег адмовіліся. У холдынгу ВГТРК паведамілі пра тое ж - многія супрацоўнікі не адважыліся прышчапляцца ад COVID-19 айчынным прэпаратам.

РІА «Новости» пацвердзіла праграму добраахвотнай вакцынацыі - прышчэпку прапанавалі тым, хто ўвесь час працуе ў рэдакцыі, на мерапрыемствах і месцах падзей. Колькі супрацоўнікаў пагадзіліся, у агенцтве не ўдакладнілі.

У паведамленні нагадваецца, што ў пачатку жніўня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясціў аб рэгістрацыі першай у свеце вакцыны ад COVID-19 - «Спутник V», распрацаванай расейскім Цэнтрам імя Гамалеі. Навукоўцы правялі два этапы клінічных выпрабаванняў, трэці этап з вакцынацыяй 40 тысяч добраахвотнікаў праводзяць пасля выпуску вакцыны ў абарот. У Маскве добраахвотнікаў пачалі вакцынаваць 9 верасня, прышчэпкі робяць у паліклініках і медыцынскіх цэнтрах.

Апошнія навіны