BE RU EN

СМІ: Шэф MІ-6 папярэдзіў Зяленскага пра выцек інфармацыі праз ягонае найбліжэйшае атачэнне

  • 13.10.2020, 12:02

Кіраўнік брытанскай выведкі правёў неафішаваную сустрэчу з прэзідэнтам Украіны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Вялікабрытанію правёў неафішаваную сустрэчу з кіраўніком MІ-6 Рычардам Мурам, піша ZN.ua са спасылкай на крыніцы.

Крыніцы выдання паведамілі, што менавіта Муру ўрад Брытаніі даручыў данесці Зяленскаму мэсэджы, якія з шэрагу прычын не хацеў агучваць прэм'ер-міністр Барыс Джонсан.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся тры асноўныя тэмы:

атакі ўкраінскай улады на антыкарупцыйныя органы ва Украіне і імкненне Офіса прэзідэнта ўзяць пад свой кантроль САП, НАБУ, Офіс генеральнага пракурора, а таксама судовыя інстанцыі;

сітуацыя на Усходзе і дзеянні Расеі;

атачэнне Зяленскага, не толькі афіцыйнае, але і нефармальнае, якое мае значны ўплыў на ўкраінскага прэзідэнта.

Крыніца выдання распавяла, што закрытасць сустрэчы была прадыктаваная акурат абмеркаваннем персон з атачэння Уладзіміра Зяленскага: брытанцы заўважылі выцек інфармацыі.

«Раней тэму найбліжэйшага атачэння прэзідэнта на перамовах з кіраўніком украінскай дзяржавы ўздымалі амерыканцы. Але іх кейс быў ціскам на ўладу. У выпадку ж брытанцаў гэта было папярэджанне. На той выпадак, калі Зяленскі не да канца разумее дзеянні людзей, з якімі яго асацыююць», - піша выданне.

Сама сустрэча з кіраўніком МІ-6 - факт характэрны і кажа аб высокай ступені цікавасці да Украіны і яе прэзідэнта: кіраўнік брытанскай выведкі не часта сустракаецца з лідарамі іншых дзяржаў падчас іх візітаў.

Акрамя Зяленскага на сустрэчы прысутнічаў кіраўнік СБУ Іван Баканаў, але не было прадстаўнікоў Офіса прэзідэнта.

Апошнія навіны