BE RU EN

Гары Паганяйла: Лукашэнка проста сам сябе дабівае

  • 13.10.2020, 7:52

Ягоны ганебны сыход - справа часу.

У суботу Лукашэнка наведаў СІЗА КДБ, дзе пагаварыў з палітвязнямі. А на наступны дзень на вуліцы беларускіх гарадоў вярнулася жорсткасць сілавікоў, стрэлы, збіццё, катаванні.

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла пракаментаваў «БП» дзеянні нелегітымнага правадыра.

- Трэба ведаць прыроду Лукашэнкі. Як палітык і чалавек, ён не мае іншых інструментаў для размовы з апанентам, акрамя выкарыстання сілы; нават размаўляць з людзьмі за 26 гадоў знаходжання на самай галоўнай пасадзе ён так і не навучыўся, мудрасці не набраўся. Згодна з ягонай філасофіяй, з ягоным выхаваннем, з ягонымі адчуваннямі, з ягоным разуменнем улады, трэба прымусіць грамадзян падпарадкоўвацца недарэчным загадам, устаноўкам, хвораму ўяўленню аб тым, што адбываецца ў свеце і ў краіне. Хай нават сілай і страхам, шляхам жорсткага здушэння ўсякага супраціву. Палітыка абапіраецца выключна на страх і жорсткасць, разумных метадаў Лукашэнка проста не ведае і не шукае.

- Нелагічна: у суботу прыходзіць у СІЗА КДБ да палітвязняў і прапануе руку для «дыялогу». А назаўтра - вяртанне да страляніны, збіцця, гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў.

- Лукашэнка прыйшоў у СІЗА КДБ да сваіх апанентаў, якіх ён уласнымі рукамі пасадзіў, усведамляючы, што яны абсалютна не вінаватыя, але з'яўляюцца ягонымі апанентамі, перш за ўсё - палітычнымі апанентамі, якія наважыліся кінуць пальчатку за права заняць найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Для іх нічога іншага, акрамя нараў, ён не змог знайсці. У нармальнай барацьбе, палітычнай барацьбе ён існаваць не можа.

Увесь час у роце Лукашэнкі целяпаецца слова: «жэстачайшэ», «самым жэстачайшым образам» - жорсткасць проста прэ з яго. Для яго гэта простыя пастановы - упячы ў турму, знішчыць, зняважыць. У яго нават няма сумневаў, што менавіта так і павінна быць, што так ён і павінен дзейнічаць. Усякае адступленне ад гэтага правіла для яго - праява слабасці: «мяне не нахіліць», «са мной нельга размаўляць з пазіцыі сілы». Але гэта пазіцыя баязліўца, а не сведчанне мужнасці - аддаваць незаконныя загады аб сілавым здушэнні іншадумства, ніякага супраціву тым парадкам, якія спрабуе ўсталяваць.

- Чаго Лукашэнка дамогся або паспрабаваў дасягнуць сваім прыездам у СІЗА КДБ?

- Гэта спроба выкруціцца. Сёння ў яго ўсё дрэнна. І для яго таксама ўсё дрэнна, таму што ягоныя памкненні замацавацца ва ўладзе, нікчэмныя з усіх бакоў (і юрыдычнага, і маральнага, і палітычнага), даюць нулявы вынік. Ён правальваецца ўсё глыбей і глыбей у ціну, якая яго загубіць. Але ён спрабуе караскацца, спрабуе падзяліць тых, хто сёння адзінай сцяной выступае супраць яго, супраць ягонай улады, супраць паслугачоў, якія яго атачаюць. «Падзяляй і ўладар» - адвечны прынцып дыктатараў. Ён хоча падзяліць апазіцыю, таму выпускае некаторых з СІЗА і прапануе супрацоўніцтва, уцягваючы ў нікому ўжо не патрэбныя абмеркаванні «канстытуцыйнай рэформы». Але ён думае, што тым самым адцягне ўвагу грамадзян, разлічваючы нацкаваць адзін на аднаго. Распачаць сварку - і ў каламутнай вадзе прымаць наступныя пастановы. Такім чынам ён разлічвае, што будзе выкручвацца-выкручвацца і можа быць выкруціцца.

Але, я думаю, што гэта безнадзейныя патугі. Ганебны сыход - справа часу: сваю краіну ён страціў, свой народ ён страціў - і яго ўжо не загнаць у аглоблі ні з дапамогай страху, ні з дапамогай жорсткасці, ні з дапамогай турмаў, ні з дапамогай спусташальных штрафаў. Не загнаць! Усё большая і большая колькасць грамадзян пранікаецца усведамленнем, што з такой уладай ім жыць немагчыма. Нарастанне супраціву адбываецца як у механізме, які працуе на шасцярэньцы: у сям'і хтосьці быў збітым, хтосьці патрапіў на Акрэсціна, хтосьці звольнены, хтосьці зганьбаваны іншым спосабам; паламаныя лёсы, якія паламалі ў прафесіі - і ўсё дзякуючы рэпрэсіям, бясконцым рэпрэсіям і ўсе больш жорсткім рэпрэсіям. У кожнай сям'і ўжо ёсць ахвяра. Усё гэта прыводзіць да таго, што ўсё больш і больш людзей далучаецца да супраціву. Гвалтам і падманам супраціў ужо дакладна не здушыць: людзі навучыліся адрозніваць хлусню ад праўды, паказушнае ад відавочнага.

І як бы і хто б ні дапамагаў Лукашэнку выстаяць у гэтай краіне, я ўпэўнены, што гэта ўжо бессэнсоўна: ён ужо нават не кульгавая качка або падбіты качар. Дэманструючы няздольнасць прыняць паразу і годна сысці, цяпер ён проста сам сябе дабівае.

Апошнія навіны