BE RU EN

Супольнасць спартоўцаў рыхтуе санкцыйны спіс чыноўнікаў

  • 11.10.2020, 17:45

Спартоўцы хочуць перамен.

Каардынатар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін распавёў пра першы месяц працы SOS BY, піша tut.by.

- Менш чым за два месяцы мы змаглі кансалідаваць велізарную частку беларускай спартыўнай супольнасці. Спартоўцы хочуць перамен. На сённяшні дзень да нас сцякаецца інфармацыя практычна з усіх больш-менш значных спартыўных структур пра ўсё тое, што адбываецца. Наладжаны кантакты як з ключавымі фігурамі ў беларускім спорце, так і з простымі спартоўцамі-працавікамі. Прадстаўнікоў спартыўнай галіны, настроеных на перамены, пераважная большасць.

На сённяшні дзень з боку Фонду аказаная падтрымка блізу 15 спартоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Спартоўцы, якія страцілі месцы ў нацыянальнай камандзе або сваёй структуры, могуць упэўнена разлічваць на падтрымку Фонду для працягу спартыўнай кар'еры. Акрамя таго, прадстаўнікі беларускага бізнэсу гатовыя асобна фінансаваць спартоўцаў, якія былі звольненыя за сваю грамадзянскую пазіцыю, для падрыхтоўкі да Алімпіяды і іншых буйных спаборніцтваў.

Міжнародны аддзел Фонду змог за кароткі прамежак часу выбудаваць адносіны з найбуйнейшымі сусветнымі спартыўнымі асацыяцыямі - Global Athlete, World Players Association, EU Athletes, Athleten Deutschland, WNBA.

Сумеснымі намаганнямі ўсіх спартоўцаў, калег, партнёраў, журналістаў і дыпламатаў нам удалося стварыць немагчымае - выклікаць выразную рэакцыю Міжнароднага алімпійскага камітэта на сістэмнае парушэнне правоў спартоўцаў у Беларусі.

Якія планы? У самы найбліжэйшы час мы рыхтуем падрабязныя рапарты пра парушэнні правоў спартоўцаў у Беларусі для накіравання ў МАК і іншыя спартыўныя асацыяцыі. На сённяшні дзень аддзел камунікацыі Фонду сабраў максімальна падрабязную інфармацыю пра большасць інцыдэнтаў. МАК пачне расследаванне. Санкцыі ў дачыненні да НАК Беларусі будуць.

Як і было абяцана раней, мы амаль завяршылі спіс асоб з беларускага спорту, у дачыненні да якіх будуць ужытыя візавыя санкцыі. Спіс будзе публічна абнародаваны.

Пад вялікім пытаннем чэмпіянат свету ў хакеі 2021 года. У выпадку працягу захавання незаконна абранай улады ў Беларусі чэмпіянат будзе перанесены ў іншую краіну. На гэта мы гатовыя выдаткаваць ўсе рэсурсы. Ужо цяпер ідзе вялікі ціск з боку беларускіх дыяспар, але патрэбна паўза. Калі ў найбліжэйшы час адбудзецца мірны транзіт улады і адбудуцца новыя справядлівыя выбары, чэмпіянат можа ператварыцца ў свята для ўсяго беларускага народа, - сказаў Апейкін.

З поўнай версіяй заявы можна азнаёміцца на старонцы Аляксандра Апейкіна.

Нагадаем, што больш за 600 спартоўцаў падпісаліся пад зваротам супраць фальсіфікацый на выбарах і гвалту. У іх ліку шматлікія зоркі беларускага спорту: Ганна Гуськова, Мікалай Казека, Аляксандра Раманоўская, Аляксандра Герасіменя, Ягор і Мікіта Мешчараковы, Надзея Астапчук, Эльвіра Герман, Андрэй Краўчанка, Сцяпан Папоў, Дзмітрый Асанаў, Кацярына Сныціна, Таццяна Ліхтаровіч, Вольга Мазуронак, Васіль Хамутоўскі, Аляксандр Куль, Аляксандр Круцікаў, Артур Удрыс, Алег Логвін, Меліціна Станюта, Вольга Барабаншчыкава, Наталля Зверава і многія іншыя.

Апошнія навіны