BE RU EN

Павел Латушка: Давайце ўзмацняць ціск на рэжым, які хістаецца

  • 11.10.2020, 12:35

Сёння - вельмі важны дзень.

Былы беларускі дыпламат Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале звярнуўся да беларусаў напярэдадні Марша Гонару:

- Сябры!

Сёння - нядзеля. Дзень, калі голас беларусаў гучыць асабліва гучна і выразна.

Учора ўлада зрабіла першы крок. Але я хачу папрасіць вас успрымаць сустрэчу з палітычнымі зняволенымі адэкватна, без ілюзій. Рэжым таргуецца з народам. Ён гатовы на нязначныя зрухі дзеля таго, каб утрымацца. Не вядзіцеся! Не верце! Не святкуйце раней часу.

Гэтыя дзеянні - чарговая спроба збіць пратэст, супакоіць народ, адцягнуць увагу.

Таму наш з вамі план на сёння - адказаць рэжыму. Нашы мірныя шматлікія маршы ствараюць яму катастрафічныя складанасці. І чым вас больш - тым яму складаней заблытваць сваіх чыноўнікаў, якія ўсё больш разумеюць: фінал блізкі, і давядзецца адказаць за ўсё. Давайце ўзмацняць ціск на рэжым, які хістаецца, каб ён нарэшце абрынуўся.

Перамога блізкая!

Нагадаем, што сёння а 14:00 у Беларусі пройдзе Марш Гонару.

Шэраг апазіцыйных палітыкаў і Telegram-каналаў заклікалі беларусаў выйсці на вуліцы сваіх гарадоў.

Ад сённяшняга Маршу шмат у чым будзе залежаць, як будуць развівацца далейшыя падзеі ў Беларусі.

14:00, Менск - плошча і праспект Незалежнасці, Няміга, Стэла. Па ўсёй краіне - у цэнтрах гарадоў.

Апошнія навіны