BE RU EN

Легендарная Наталля Наважылава прыйшла на дапамогу гандбольнаму клубу «Віцязь»

  • 11.10.2020, 11:36

Гаспадыня фітнэс-клуба «Багіра» выказалася за перамены ў Беларусі.

Пасля выказвання салідарнасці з арыштаванай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай гандбольны клуб «Віцязь» спачатку знялі з чэмпіянату краіны, а затым пазбавілі месца для трэніровак. Дапамагчы спартоўцам падахвоцілася легендарная фітнэс-трэнерка Наталля Наважылава - яна дала магчымасць займацца фізпадрыхтоўкай у сваім фітнэс-цэнтры «Багіра». Увесь гэты тыдзень каманда трэніруецца там, а сама Наталля дала клубу каментар, у якім пазначыла сваю пазіцыю аб тым, што адбываецца ў краіне, паведамляе tut.by.

- Я спартоўка, майстар спорту ў гімнастыцы, займаюся з сямі гадоў. Я выдатна ведаю, што спартоўца нельга пазбаўляць таго, што любіць ягонае цела, таго, чым ён жыве і чым дыхае.

Як толькі я даведалася пра сітуацыю, адразу ж адказала на просьбу дапамагчы хлопцам, якім трэба падтрымліваць форму. Гэта была проста пастанова. Падтрымліваю ўсе светлыя намеры. У нашай зале чакаюць усіх: ад эстрадных артыстаў да хлопцаў з хоспіса. Дапамагаць тым, хто мае патрэбу - вялікі гонар.

Тым больш за многіх гандбалістаў я ведаю. Шмат з кім мы бачымся на маршах па нядзелях. Рада бачыць людзей, якія актыўна бароняць сваю пазіцыю. Я бачу, што іх свет не сканчаецца словамі «было б што паесці» і «абы не было вайны».

Наша грамадства ніколі не было гатовае да актыўнага грамадзянскага ўдзелу. У Савецкім Саюзе за нас усё вызначалі партыя і камсамол. Пакуль нічога не змянілася. Намі кіруе выхадзец з той жа сістэмы, тымі ж метадамі. Кіраўніцтва краіны дагэтуль не можа выйсці з гэтай сістэмы, яно хоча выбіраць за нас, вызначаць за нас і думаць за нас.

Але грамадства вырасла. Наша моладзь падарожнічае па свеце і бачыць, што ў іншых краінах многія рэчы працуюць лепш. Цяпер ёсць доступ да розных крыніц інфармацыі. Адукаваныя людзі могуць рабіць уласныя высновы замест таго, каб слепа верыць таму, што гаворыцца зверху.

Выбары і ўсё, што адбылося пасля іх, былі апошняй кропляй. Катаванні і здзекі - гэта ненармальна. Я ўспрымаю гэта так, як быццам яны збівалі майго сына, забівалі майго сына.

Грамадства абуранае. Яно прагне свабоды, праўды, міру. Паступова, па-свойму, без намёкаў з Захаду ці Усходу, мы пабудуем сваю краіну.

Гульцы «Віцязя» здзейснілі ўчынак. Зычу хлопцам адзінства ў гэты няпросты час. Вы не павінны сумнявацца ў правільнасці таго, што робіце. Цяпер знішчаюць найлепшых з нас. Стаяць у баку нельга.

Я таксама зычу клубу знайсці гульнявую залу. Прашу ўсіх, хто можа дапамагчы, зрабіць гэта! - сказала Наталля Наважылава.

Апошнія навіны