BE RU EN

Мадэль луканомікі ў двух прыкладах

  • 25.04.2018, 20:06

Танцы нашых шаманаў вельмі дорага абыходзяцца беларусам.

Беларускія ўлады паводзяць сябе, як жонка-хатняя гаспадыня, якая на пытанне мужа, чаму выдаткавала на абы-што ўсе яго грошы, прапануе яе пахваліць за тое, што сёння ўклалася ў меншую суму, піша «Салiдарнасць».

Менавіта такія асацыяцыі ўзнікаюць, калі чытаеш справаздачы паводле вынікаў працы беларускіх прадпрыемстваў.

Між іншым, паведамляецца, што выручка ААТ «Белшына» ў 2017 годзе вырасла на 10,2%, да 740 млн рублёў.

Але пачакайце цешыцца. Ёсць там яшчэ адно ўдакладненне: чыстая страта прадпрыемства ў 2017 годзе павялічылася ў 65 разоў (!) і склала 274,17 млн руб. Прычынай таму называюцца страты ад курсавых розніц.

Былі ў прадпрыемства таксама доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя крэдыты і пазыкі на 357,8 мільёнаў рублёў і 264,5 млн. адпаведна. Увогуле, усё, што кажа пра неверагодныя «поспехі» «Белшыны» і эфектыўнасць працы беларускіх уладаў па вываду прадпрыемства з крызісу.

І куды ні ткні - суцэльныя ўтрыманцы бюджэту, якія завязлі ў стратах.

Нядаўна яшчэ адзін прамысловы гігант «МАЗ» апублікаваў сваю гадавую справаздачу. Згодна з ёй, чыстая страта прадпрыемства паводле вынікаў 2017 года склала 41,1 мільёнаў рублёў. Натуральна, там не забыліся дадаць, што цяперашнія страты ўдвая ніжэйшыя за страты 2016-га. Ну, проста неймаверны поспех! Чарговы цуд беларускай эканомікі!

І так ужо больш за 20 гадоў. Але ж што дзіўна, улады ўпарта не пакідаюць спробаў напампаваць стратныя прадпрыемствы бюджэтнымі грашыма. Так, у 2017-м віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заявіў пра планы ўкласці ў развіццё МАЗа $500 млн.

У індзейцаў Дакоты ёсць такая мудрасць, якая папулярная ў бізнэс-асяроддзі: «Калі конь здох - злезь з яго». Але, відавочна, у беларускіх уладаў на гэты конт свае ўяўленні.

І невядома, колькі яшчэ павінна здохнуць коней, каб цяперашнія жывёлагадоўцы нарэшце зразумелі, што нічога не разумеюць у іх развядзенні і нарэшце перасталі ўкладаць народныя сродкі ў ажыўленне трупаў. Таму што гэтыя танцы нашых шаманаў у выніку вельмі дорага абыходзяцца беларусам.

Апошнія навіны