BE RU EN

Яўген Афнагель: Лукашэнка абняславіўся следам за сваім гаспадаром

  • 20.04.2018, 11:40

На «IT-эканоміцы» можна ставіць тлустую кропку.

Учора «палатка» прыняла скандальныя папраўкі ў закон аб СМІ, якія робяць больш жорсткай цэнзуру ў інтэрнэце і ўводзяць абавязковую рэгістрацыю інтэрнэт-карыстальнікаў.

Якімі будуць наступствы новага закона? На гэтае пытанне сайту Charter97.org адказвае адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель:

- Кажуць, разумныя вучацца на чужых памылках, дурні - на сваіх. Крамлёўскі гаспадар Лукашэнкі даў яму шанец паглядзець, да чаго прыводзіць вайна з інтэрнэтам, калі, заблакаваўшы «Тэлеграм», абняславіўся на ўвесь свет. Здавалася б: глядзі і рабі высновы. Але, мабыць, прыклад чужых памылак здаўся недастатковым, абавязкова трэба самому залавіць граблямі па лбе. Думаю, што «другой серыяй» вайны са свабодным інтэрнэтам стане сюжэт пра тое, як Лукашэнка абняславіўся на ўвесь свет следам за сваім гаспадаром з Крамля.

Цяпер для беларускай улады сітуацыя можа развівацца толькі паводле двух сцэнароў: дрэнны і вельмі дрэнны.

Проста дрэнны варыянт я толькі што апісаў вышэй.

«Вельмі дрэнны» сцэнар азначае, што наступствы закона набудуць сістэмны характар.

Гэта, найперш, далейшы рост папулярнасці расейскай прапаганды, які значна ўзмацніўся пасля блакавання «Хартыі-97», а таксама непапраўная шкоду рэпутацыі краіны. Учора Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб Беларусі, у якой запатрабаваў спыніць рэпрэсіі супраць незалежных СМІ. Цікава, як на гэтым фоне Лукашэнка збіраецца сумяшчаць свае IT-фантазіі з блакаваннем сайтаў і знішчэннем свабоды слова? Відавочна, што на «IT-эканоміцы» можна ставіць тлустую кропку.

- У Расеі блакаванне Telegram выклікала рост папулярнасці мэсэнджэра. Ад яго не сталі адмаўляцца нават дзяржаўныя чыноўнікі. Што мы, беларусы, можам супрацьпаставіць наступу ўладаў на свабоду слова?

- Трэба памятаць пра тое, што то закон аб СМІ быў прыняты не проста так. Улады рыхтаваліся да гэтага кроку доўга. Адразу пасля леташніх пратэстаў быў заблакаваны сайт Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Ніякай рэакцыі ні ад праваабаронцаў, ні ад міжнародных арганізацый не было. Потым былі спробы ўзлому сайтаў іншых арганізацый. Затым улады ўзяліся за крыніцы навін. Заблакавалі спачатку «Партызан», затым «Хартыю-97», не забываючы паралельна штрафаваць журналістаў «Белсата» і фрылансераў. На іх абарону сталі толькі некалькі дзясяткаў актывістаў. А некаторыя недзяржаўныя СМІ нават не спрабавалі схаваць радасць ад таго, што «прыйшлі не ім». Цяпер усе разам мы пажынаем плады ўласнай бяздзейнасці.

Упэўнены, што на новым законе аб СМІ ўлады не спыняцца. Калі будзем маўчаць далей, то стане яшчэ горш. Будуць блакаваць сацсеткі і мэсэнджэры, паволі закрыюць нават тыя сайты, якія імкнуцца не крытыкаваць рэжым. Альбо вучымся салідарнасці і змагаемся за свае правы, альбо рыхтуемся глядзець толькі БТ - што ў тэлевізары, што ў ноўтбуку.

Але, як той казаў, няма ліха без дабра. Ва ўсім гэтым ёсць і адваротны бок медаля: чым хутчэй беларусаў пазбаўляць магчымасці абмяркоўваць свае праблемы ў інтэрнэце, тым хутчэй яны пачнуць рабіць гэта офлайн - на вуліцах і плошчах.

Апошнія навіны