BE RU EN

Падатковая інспекцыя будзе аўтаматычна атрымліваць звесткі аб замежных рахунках беларусаў

  • 8.07.2016, 14:23

Падаткавікі плануюць праверыць і афшорныя зоны.

Беларусь далучыцца да міжнароднай дамовы аўтаматычнага абмену звесткамі аб замежных фінансавых рахунках.

Гэта павінна адбыцца ўжо праз 3-4 гады, паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра падаткаў і збораў Ігар Клепча, паведамляе tut.by.

Міністэрства ўжо пачало падрыхтоўчыя мерапрыемствы для далучэння да гэтага пагаднення. «Названыя дакументы дазваляюць весці аўтаматычны абмен інфармацыяй аб замежных фінансавых рахунках паводле аднатыпнай формы, - тлумачыць першы намеснік міністра. - У выніку такога абмену падатковыя органы атрымліваюць доступ да рахункаў, адкрытых плацельшчыкамі ў замежных фінансавых установах, а таксама да іншых фінансавых актываў, у тым ліку, і ў афшорных зонах».

Ігар Клепча канстатаваў, што працы паводле прынцыпу запыт-адказ у такіх выпадках для МПЗ ужо недастаткова. «Гэта хвалюе падатковыя органы многіх дзяржаў, і таму Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця распрацавала шматбаковае пагадненне».

На 1 траўня 2016 года за далучэнне да гэтага пагаднення выказаліся больш за 80 дзяржаў, ФНС Расеі ўжо далучылася да яго ў траўні. «Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць кантрольных мерапрыемстваў для вызначэння падатковых абавязанняў плацельшчыкаў і дазволіць спыняць схемы вываду рэзідэнтамі краіны капіталаў за мяжу больш аператыўна», - сказаў Ігар Клепча.

Прадстаўнікі міністэрства ўдакладнілі, што гэтае далучэнне «запланаванае на найбліжэйшую перспектыву і будзе рэалізаванае цягам 3-4 гадоў».

Апошнія навіны